Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 кастрычніка 2016, 14:08

Экспарт мяса і мясапрадуктаў да 2020 года плануецца павялічыць на 25 працэнтаў да ўзроўню 2015-га - Леанід Заяц

27 кастрычніка, Мінск /Аксана Каруна - БЕЛТА/. Аб'ём беларускага экспарту мяса і мясапрадуктаў да 2020 года плануецца павялічыць на чвэрць да ўзроўню 2015-га. Аб гэтым паведаміў сёння міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц на першым экспартным форуме "Беларусь мясная", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пры гэтым Леанід Заяц звярнуў увагу, што ставіцца задача пастаўляць на знешнія рынкі гатовую і перапрацаваную прадукцыю.

Перапрацоўчыя прадпрыемствы выпускаюць больш як 1 тыс. найменняў прадукцыі. Многія займаюцца сертыфікацыяй для актыўнага прасоўвання прадукцыі на рынкі краін Блізкага Усходу, Азіі і Еўрапейскага саюза. "Заваяванне новых рынкаў і павелічэнне аб'ёмаў экспарту - прыярытэтная задача для аграрнага сектара рэспублікі на бліжэйшую перспектыву", - падкрэсліў міністр.

Беларусь уваходзіць у 20-ку краін - лідараў па экспарце мяса.

Першы экспартны форум "Беларусь мясная" праводзіцца ў Мінску 27-28 кастрычніка. Спецыялісты ў галіне мясаперапрацоўкі і птушкагадоўлі абмяркоўваюць на мерапрыемстве актуальныя пытанні вытворчасці і павышэння якасці мясной прадукцыі і пашырэння геаграфіі экспартных паставак.

Форум, які праводзіцца па ініцыятыве і пад патранажам Мінсельгасхарчу, сабраў больш як 200 чалавек з 10 краін. Сярод удзельнікаў - кіраўнікі, маркетолагі і спецыялісты ў галіне знешнеэканамічнай дзейнасці практычна ўсіх мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў і птушкафабрык Беларусі, прадстаўнікі дзяржаўных органаў і навуковых інстытутаў, аўтарытэтных замежных арганізацый і кампаній, дыпламатычных місій. Цэнтральныя тэмы абмеркавання - экспартны патэнцыял беларускай мясной прамысловасці і пошук шляхоў павышэння эфектыўнасці яе вытворчасці. У час форуму "Беларусь мясная" адбудзецца міжнародны форум птушкагадоўцаў Беларусі "Мінск-2016" пад эгідай Саюза птушкагадоўцаў "Белптушкасаюз" у садружнасці з Еўразійскай асацыяцыяй птушкагадоўцаў па імпарце і экспарце мяса птушкі і яек.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі