Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
22 красавіка 2016, 13:16

Экспарт і імпартазамяшчэнне павінны быць прыярытэтамі эканамічнай палітыкі - Навіцкі

22 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Экспарт і імпартазамяшчэнне павінны быць прыярытэтамі эканамічнай палітыкі, заявіў намеснік старшыні Савета па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі Сяргей Навіцкі сёння ў час круглага стала, дзе разглядалася стратэгія развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Беларусі да 2030 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Характэрнай рысай сучаснага этапу развіцця сусветнай эканомікі з'яўляецца больш глыбокая інтэрнацыяналізацыя, эканомікі краін сталі настолькі ўзаемазалежнымі і ўзаемазвязанымі, што ізаляванае ўзнаўленне прадукцыі проста немагчыма. У гэтых умовах непазбежна ўзмацненне канкурэнцыі і ўключэнне ў яе ўсё большай колькасці нацыянальных эканомік, і перад Беларуссю ўзнікаюць пытанні не толькі заваявання новых, але і ўтрымання існуючых рынкаў збыту, гэта ўчора было падкрэслена і ў Пасланні Прэзідэнта. Экспарт і імпартазамяшчэнне - гэта асноўныя задачы сёння", - адзначыў Сяргей Навіцкі.

На думку эксперта, у гэтай сітуацыі патрабуецца прыняць адэкватныя меры па павышэнні эфектыўнасці вытворчасці і кіравання, што ставіць краіну перад неабходнасцю структурных пераўтварэнняў у эканоміцы. "У гэтых умовах істотна змяняецца роля малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Гэты сектар, арыентаваны на інавацыйнае развіццё, можа і павінен уплываць на структурную трансфармацыю эканомікі, павышаючы яе канкурэнтаздольнасць і ўстойлівасць. Універсальным інструментам, які забяспечвае хуткае стварэнне вялікай колькасці новых рабочых месц, з'яўляецца менавіта малое прадпрымальніцтва", - заўважыў Сяргей Навіцкі.

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што выканаць задачу па стварэнні 50 тыс. рабочых месц без пэўных рашэнняў на ўзроўні дзяржавы будзе немагчыма. Таму дзяржава і бізнес павінны сумесна вызначыць стратэгію развіцця МСП да 2030 года, ключавыя напрамкі ўзаемадзеяння для стымулявання дзелавой актыўнасці.

Круглы стол па пытаннях стратэгіі развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва да 2030 года арганізаваны Саветам па развіцці прадпрымальніцтва ў Беларусі і Усходнім камітэтам германскай эканомікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі