17 мая, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Эканоміка Беларусі вяртаецца на траекторыю росту, заявіў сёння прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Савета Міністраў, на якім разглядаліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця ў першым квартале 2016 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Паводле аператыўных даных Белстата, за чатыры месяцы ВУП маем 97 працэнтаў. За красавік мы прыраслі на 0,6 працэнтнага пункта. У выніку ў нас назіраецца даволі паслядоўны рад: студзень - 95,7 працэнта, студзень-люты - 96 працэнтаў, першы квартал - 96,4 працэнта, чатыры месяцы - 97 працэнтаў. У прынцыпе ў наяўнасці пэўная дынаміка вяртання на траекторыю эканамічнага росту", - адзначыў Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, урад і Нацыянальны банк паслядоўна рэалізуюць меры макраэканамічнай балансіроўкі ў знешнеэканамічных умовах, што істотна адрозніваюцца ад тых, на базе якіх быў сфарміраваны прагноз на 2016 год. Ён нагадаў, што цана на нафту прагназавалася на ўзроўні $50 за барэль, у першым квартале яна склала $32. Прадугледжвалася, што курс расійскага рубля будзе недзе 63 за долар, у першым квартале ён склаў 74,6. "Таксама планавалася, што ў Расіі як асноўнага гандлёвага партнёра Беларусі эканоміка будзе не змяншацца, а захаваецца на ўзроўні 100 працэнтаў, але фактычна - 98,8 працэнта. Мы прадугледжвалі, што сярэднегадавы курс беларускага рубля да долара будзе на ўзроўні Br18 тыс. 689, але, як вы ведаеце, у першым квартале сярэдняе значэнне беларускага рубля склала Br20 тыс. 755 за долар", - канстатаваў Андрэй Кабякоў.
Ён таксама адзначыў, што меры макраэканамічнай балансіроўкі не змаглі не паўплываць на тэмпы развіцця эканомікі, перш за ўсё ў яе рэальным сектары. "Па ВУП за першы квартал мы не дабралі 2,5 працэнтнага пункта да квартальнага прагнозу. Тым не менш, прамысловасць, хоць і ніжэй за 2015 год, але вышэй, чым прагназавалася. У першым квартале маем 95,7 працэнта пры прагнозе на 95 працэнтаў. Дарэчы, за чатыры месяцы аб'ём прамвытворчасці маем 97,5 працэнта", - сказаў прэм'ер.
Андрэй Кабякоў канстатаваў, што дзве трэці адставання ад прагнозу ў першым квартале сфарміравана за кошт зніжэння валавой дабаўленай вартасці па секцыі "будаўніцтва". "Яшчэ трэць - звязанае з гэтым запаволенне грузаперавозак і аптовага тавараабароту. З плюсам па валавой дабаўленай вартасці спрацавала толькі сельская гаспадарка - 102 працэнты", - адзначыў кіраўнік беларускага ўрада.-0-