Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 жніўня 2018, 14:54

Эканамічны блок пытанняў будзе прыярытэтным на асенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў

9 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Эканамічны блок пытанняў будзе прыярытэтным на маючай адбыцца асенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў. Аб гэтым заявіў сёння на пасяджэнні Савета Палаты прадстаўнікоў яе старшыня Уладзімір Андрэйчанка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Усяго на сённяшні дзень на разглядзе ў пастаянных камісіях знаходзяцца 37 законапраектаў, да пачатку сесіі гэта лічба значна вырасце. Час, што застаўся, неабходна максімальна выкарыстаць для таго, каб да наступнага пасяджэння Савета Палаты, якое пройдзе ў верасні і дзе будзе разгледжаны праект парадку дня асенняй сесіі, мы падышлі з пакетам узгодненых законапраектаў. Неабгрунтаваных зацяжак і фармальнага стаўлення да законапраектнай работы быць не павінна", - падкрэсліў спікер.

Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, у цэнтры ўвагі дэпутацкага корпуса будзе блок пытанняў, звязаны з фарміраваннем бюджэтнай і падатковай палітыкі. "Тут асноўны акцэнт неабходна зрабіць на рэалізацыі рашэнняў Прэзідэнта па стымуляванні дзелавой ініцыятывы грамадзян, падтрымцы сярэдняга і малога бізнесу, фарміраванні збалансаванага, зразумелага людзям і суб'ектам гаспадарання падатковага заканадаўства. Пры гэтым вельмі ўважліва неабходна падысці да выканання дзяржавай сваіх сацыяльных абавязацельстваў. Трэба цесна працаваць з урадам у рамках міжведамасных груп, ужо цяпер уносіць і адстойваць свае прапановы, каб пасля афіцыйнага ўнясення пакета законапраектаў у частцы бюджэту і падаткаў у Палату прадстаўнікоў мы не патанулі ў дробязях, а маглі сканцэнтравацца на разглядзе канцэптуальных пытанняў", - сказаў спікер.

На асенняй сесіі давядзецца завяршыць разгляд ініцыіраваных дэпутатамі законапраектаў па пытаннях інвестыцый. "Мы дамовіліся правесці парламенцкае слуханне па гэтай актуальнай для краіны тэматыцы, іх арганізацыя за профільнай камісіяй. Галоўнае падрыхтаваць якасныя, адпаведныя духу часу рэкамендацыі, якія маюць практычную каштоўнасць для эканомікі краіны", - адзначыў Уладзімір Андрэйчанка.

Асаблівая ўвага будзе таксама ўдзелена законапраектам, нацэленым на ўдасканаленне жыллёвага і працоўнага заканадаўства. Яны закранаюць інтарэсы практычна кожнага беларуса і ўжо цяпер выклікаюць ажыўленыя дыскусіі ў грамадстве. "Неабходна забяспечыць іх аператыўнае, усебаковае абмеркаванне з прыцягненнем усіх зацікаўленых. Форм работы ў дэпутацкага корпуса дастаткова: гэта і пашыраныя пасяджэнні пастаянных камісій, рабочых груп, круглыя сталы. Галоўнае, не баяцца адкрытага абмеркавання праблем, актыўней прыцягваць да сваёй работы сродкі масавай інфармацыі. Медыйнае асвятленне такіх парламенцкіх дэбатаў павінна служыць эфектыўным інструментам не толькі павышэння якасці прававога рэгулявання, але і падняцця ўзроўню культуры грамадзян, на што неаднаразова нацэльваў нас кіраўнік дзяржавы", - рэзюмаваў спікер.

У час маючай адбыцца сесіі дэпутаты павінны завяршыць работу над праектамі законаў аб пітным водазабеспячэнні, імянных прыватызацыйных чэках, банкруцтве. Пастаянным камісіям даручана паставіць кропку ў дыскусіях і выйсці на канкрэтныя рашэнні.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі