Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 кастрычніка 2018, 15:54

ЕАБР рыхтуе змяненні ў праграму рэформ па крэдыце ЕФСР для Беларусі

16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каманда экспертаў Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР), які з'яўляецца кіраўніком сродкаў Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР), 2-5 кастрычніка наведала Мінск для праграмнага маніторынгу і кансультацый па ўнясенні змяненняў у праграму рэформ улад, што падтрымліваецца фінансавым крэдытам ЕФСР, у частцы мер заключнага сёмага траншу крэдыту, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сайт ЕАБР.

У час візіту праведзены сустрэчы з міністрам фінансаў Беларусі Максімам Ермаловічам, намеснікам старшыні праўлення Нацыянальнага банка Дзмітрыем Калечыцам, кіраўніцтвам і супрацоўнікамі ўключаных міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікамі міжнародных фінансавых інстытутаў і незалежнымі экспертамі.

Па выніках кансультацый паміж беларускімі ўладамі і экспертамі ЕАБР быў падрыхтаваны папярэдні пералік змяненняў і дапаўненняў у праграму рэформ, якая падтрымліваецца фінансавым крэдытам ЕФСР, у частцы сёмага траншу.

"Удакладненне мер траншу абумоўлена змяненнем кантрольнай даты ацэнкі выканання ўмоў прадастаўлення траншу з 1 студзеня 2018 года на 1 снежня 2018 года і адлюстроўвае неабходнасць прыняцця пад увагу бягучых і прагнозных макраэканамічных трэндаў і выяўленых рызык", - адзначаецца на сайце ЕАБР.

Канчатковы пералік удакладненых мер траншу будзе накіраваны для разгляду членаў Савета ЕФСР на чарговым пасяджэнні.

У ЕАБР падкрэслілі, што нізкі ўзровень інфляцыі, які не перавышае 6 працэнтаў з другой палавіны 2017 года, быў дасягнуты на фоне спрыяльных знешніх умоў, стрыманай фіскальнай палітыкі, а таксама строгіх грашова-крэдытных умоў. Аднак ва ўмовах залішняга спажывецкага попыту і росту інфляцыйных чаканняў са жніўня бягучага года назіраецца паскарэнне як базавай, так і агульнай інфляцыі. Разам з тым эксперты ЕАБР адзначаюць, што верагоднасць захавання інфляцыі па выніках года ў межах 6 працэнтаў мэтавага арыенціра Нацбанка высокая.

Паводле ацэнкі ЕАБР, нягледзячы на бягучую спрыяльную эканамічную сітуацыю, захоўваюцца як кароткатэрміновыя, так і сярэднетэрміновыя рызыкі.

"Кошт новых пазык, які перавышае сярэднетэрміновыя тэмпы прагназуемага эканамічнага росту, стварае рызыкі для даўгавой устойлівасці і павелічэння нагрузкі на бюджэт і плацежны баланс у сярэднетэрміновай перспектыве. Дадатковым фактарам рызыкі застаецца значная даўгавая нагрузка дзяржаўных прадпрыемстваў", - лічаць у ЕАБР.

Як паведамлялася раней, Еўразійскі банк развіцця, які з'яўляецца кіраўніком сродкаў ЕФСР, у кастрычніку пералічыў Беларусі шосты транш фінансавага крэдыту са сродкаў фонду ў аб'ёме $200 млн. З улікам папярэдніх траншаў краіне прадастаўлена $1,8 млрд з агульнай сумы крэдыту ў памеры $2 млрд, прадугледжанай на падтрымку праграмы рэформ Беларусі. Сёмы транш будзе заключным па гэтым крэдыце.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі