Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 ліпеня 2017, 13:57

Дзяржзакупкі ў Беларусі плануецца зрабіць больш празрыстымі

20 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі плануецца прыняць меры па ўдасканаленні заканадаўства ў сферы дзяржзакупак, паведаміў журналістам начальнік упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Вячаслаў Андрухоў перад пачаткам міжнароднага семінара TAIEX, арганізаванага ДФР КДК сумесна з Еўрапейскай камісіяй, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Заканадаўчыя органы Беларусі працуюць над тым, каб мінімізаваць карупцыйныя рызыкі пры правядзенні закупак тавараў, работ і паслуг за кошт дзяржаўных сродкаў. Вывучаецца вопыт іншых краін у гэтай сферы", - адзначыў Вячаслаў Андрухоў.

Найбольш часта сустракаюцца такія праявы карупцыі ў сферы дзяржзакупак, як незаконнае абмежаванне доступу асоб да ўдзелу ў працэдуры закупкі, каб стварыць умовы для заключэння дагавора з загадзя выбранай арганізацыяй, а таксама штучнае заніжэнне ўдзельнікам таргоў цаны з далейшым яе павышэннем шляхам заключэння дадатковых пагадненняў да дагавора.

Так, у бягучым годзе ДФР Камітэта дзяржкантролю прадухіліў урон у памеры больш як Br1 млн, які мог быць нанесены эканамічным інтарэсам дзяржавы. Праверка інфармацыі аб парушэннях у час правядзення электронных аўкцыёнаў паказала, што ад працэдуры выбару пастаўшчыка праграмна-вылічальнага абсталявання для адной з дзяржаўных устаноў па фармальных прычынах адхілілі аднаго з удзельнікаў, хаця той прапанаваў мінімальную цану. Па выніках таргоў пераможцам быў вызначаны пастаўшчык больш дарагога прадукту, які з'яўляўся не толькі распрацоўшчыкам праекта, але і асобай, якая вывучала прапановы на прадмет іх адпаведнасці конкурснай дакументацыі.

Паводле слоў Вячаслава Андрухова, карупцыйныя праявы ў сферы дзяржзакупак не толькі прыводзяць да павелічэння расходавання бюджэтных сродкаў, але і ствараюць перадумовы для далейшага развіцця карупцыі.

"Парушэнні ў сферы дзяржзакупак, якія выяўляюцца ў Беларусі, тыповыя і для іншых краін СНД, Еўрасаюза. Нараўне з празрыстасцю сістэмы, прафілактыкай і спыненнем карупцыйных злачынстваў, прыцягненнем да адказнасці за іх учыненне неабходна сумленная і здаровая канкурэнцыя ў бізнес-асяроддзі", - лічыць Вячаслаў Андрухоў.

Міжнародныя семінары TAIEX праводзяцца ў Мінску ўжо трэці год па розных тэматыках. У бягучым годзе ў цэнтры ўвагі правапарушэнні ў эканамічнай і фінансавай сферах. Еўрасаюз на сустрэчы прадстаўляюць спецыялісты з Літвы, Польшчы, Фінляндыі, Бельгіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі