Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

Дырэктыву нумар 3 абнавілі з улікам цыкла нізкіх цэн на энергарэсурсы - Мінэканомікі

Эканоміка 28.01.2016 | 18:24

28 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дырэктыву нумар 3 абнавілі з улікам цыкла нізкіх цэн на энергарэсурсы, яе папярэдні варыянт быў арыентаваны на цыкл высокіх цэн, паведаміў сёння журналістам намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Крутой, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дырэктыва нумар 3 у 2007 годзе прымалася ў асаблівых умовах - гэта быў цыкл высокіх цэн на энергарэсурсы, таму 2/3 мерапрыемстваў былі прысвечаны тэме энергетычнага комплексу. Прынцыповае адрозненне гэтага дакумента ў тым, што цяпер мы знаходзімся ў цыкле нізкіх цэн на энергарэсурсы, перад краінай узніклі новыя выклікі і пагрозы, на якія трэба рэагаваць", - растлумачыў Дмітрый Крутой.

Паводле слоў намесніка міністра, прадугледжаныя ў 2007 годзе меры далі істотныя вынікі. Так, з моманту прыняцця дырэктывы энергаёмістасць ВУП знізілася практычна ў 3 разы, уведзена 1,8 ГВт высокаэфектыўных генерыруючых магутнасцей, што дало магчымасць знізіць якасныя паказчыкі расходаў на вытворчасць цеплавой і электраэнергіі практычна ў 2-3 разы. Уведзена больш за 3 тыс. крыніц на мясцовых відах паліва.

У цяперашніх умовах акцэнт дырэктывы - на чатырох ключавых тэмах: дыверсіфікацыя экспарту (прыярытэты засталіся ранейшымі - на знешніх рынках трэба прадаць каля 65 працэнтаў прадукцыі), інавацыі і інвестыцыі (кропкавыя інвестыцыі ў эфектыўныя інавацыйныя праекты), кіраванне прамысловасцю (якасць кіравання трэба кардынальна павысіць да 2020 года) і павышэнне энергетычнай бяспекі (будаўніцтва Беларускай АЭС і павелічэнне долі мясцовых відаў паліва).

Яшчэ адно новаўвядзенне дакумента - для кожнага з чатырох блокаў вызначаны 1-2 ключавыя індыкатыўныя паказчыкі, па якіх будзе ацэньвацца эфектыўнасць выканання дырэктывы.

Для экспарту ўведзена формула "трох трэцей": да 2020 года 33 працэнты экспарту павінны прыпадаць на рынкі ЕАЭС, 33 працэнты - ЕС, 33 працэнты - рынкі іншых краін, у тым ліку далёкай дугі. У сферы інавацый два галоўныя індыкатары: да 2020 года кожнае трэцяе прампрадпрыемства павінна быць у пераліку інавацыйна актыўных і рэалізоўваць адпаведныя праекты; больш як 20 працэнтаў прадукцыі таксама павінна адносіцца да інавацыйнай. Самы важны параметр для прамысловасці - удзельная вага дабаўленай вартасці ў аб'ёме прамысловай вытворчасці павінна скласці не менш як 30 працэнтаў. У энергетыцы прыярытэтамі будуць зніжэнне імпарту прыроднага газу на 5 млрд куб.м у год і павелічэнне долі ўласных энергарэсурсаў у агульным балансе краіны да 16 працэнтаў.

Дзмітрый Крутой звярнуў увагу, што ў дырэктыве выдзелены не толькі прыярытэты эканамічнай бяспекі і ключавыя паказчыкі, але і канкрэтныя інструменты іх дасягнення. "Для экспарту такімі інструментамі павінна стаць падтрымка нерэзідэнтаў краіны, а таксама больш актыўны ўдзел у экспартных аперацыях Банка развіцця Беларусі. Інавацыйныя праекты будуць цесна звязаны з дзяржпраграмамі, але і аўтары праектаў павінны будуць падключацца да пошуку інвестараў. У прамысловым комплексе падтрымку будуць аказваць толькі высокаэфектыўным праектам, якія ўвойдуць у пералік дзяржпраграмы. Але і па дзяржпраграмах падтрымку будуць атрымліваць толькі на конкурснай аснове і пры выкананні дзвюх умоў: канкурэнтаздольнасць прадукцыі і зніжэнне затрат прадпрыемства пры яе выпуску на 20-25 працэнтаў. У энергетыцы стаўка робіцца на праекты, звязаныя з мясцовымі відамі паліва", - растлумачыў намеснік міністра.

Такія энергетычныя праекты ў Беларусі ўжо рэалізуюць Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця і Сусветны банк. На іх рахунку некалькі пілотных праектаў, і яны гатовы пашыраць супрацоўніцтва. "Крэдыты гэтых банкаў - гэта так званыя танныя доўгія грошы. Дзяржава са свайго боку яшчэ ў мінулым годзе скарэкціравала правілы работы інвестараў у гэтай сферы. Так што ўмовы для рэалізацыі такіх праектаў ёсць", - дадаў Дзмітрый Крутой.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Эканоміка
Топ-навіны
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Пробны перапіс насельніцтва У Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці 2-13 кастрычніка пройдзе пробны перапіс насельніцтва, які стане падрыхтоўчым этапам перапісу насельніцтва Беларусі 2019 года. Прайсці апытанне можна дома і на стацыянарных участках.