Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
24 мая 2017, 14:31

Дырэктар ПВТ Янчэўскі і гендырэктар Uber B.V. П'ер Гор-Каці дамовіліся аб супрацоўніцтве ў сферы беспілотных аўтамабіляў

24 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дырэктар Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі і генеральны дырэктар Uber па рэгіёне Еўропы, Блізкага Усходу і Азіі П'ер-Дзімітры Гор-Каці падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве. Ключавыя напрамкі - адкрыццё цэнтра навукова-тэхнічных распрацовак Uber у Парку высокіх тэхналогій, а таксама сумесная работа ў сферы беспілотнага транспарту.

Генеральны дырэктар Uber адзначыў: "Мы вельмі задаволены вынікамі перагавораў з прэм'ер-міністрам Рэспублікі Беларусь спадаром Кабяковым і дырэктарам Парка высокіх тэхналогій спадаром Янчэўскім. Мы ведаем, што Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўдзяляе пільную ўвагу развіццю высокіх тэхналогій, і гэта добры знак для нас і для іншых міжнародных кампаній. Сёння паміж кампаніяй Uber і Паркам высокіх тэхналогій падпісана пагадненне аб узаемадзеянні па шэрагу напрамкаў. Гэта мой першы візіт у Беларусь, але цяпер, я думаю, у мяне будзе шмат падстаў часта бываць у вашай краіне".

"Не зусім маюць рацыю тыя, хто гаворыць, што свет стаіць на парозе транспартнай рэвалюцыі. На самай справе свет перасягнуў ужо гэты парог. Усё змяняецца хутчэй, чым многія чакалі. І Беларусь павінна быць у авангардзе гэтых змен. У гэтым сэнс нашага супрацоўніцтва і з Uber, і з іншымі сусветнымі карпарацыямі, чые тэхналогіі на нашых вачах змяняюць свет. Менавіта такое супрацоўніцтва дае шанц Беларусі ў будучым аказацца адной з першых краін у свеце, у якой запусцяць першыя беспілотныя аўтамабілі", - адзначыў Усевалад Янчэўскі.

Дэлегацыю топ-менеджараў Uber сёння таксама прыняў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў. Ва ўрадзе былі разгледжаны першыя вынікі работы кампаніі ў Беларусі, абмеркаваны магчымасці стварэння ўмоў для пашырэння перавозак пасажыраў з выкарыстаннем дадатка Uber, іншых аналагічных электронных платформ.

Кампанія Uber створана ў 2009 годзе і на сённяшні дзень з'яўляецца буйнейшым сэрвісам у свеце па арганізацыі перавозак пасажыраў з дапамогай смарт-дадаткаў. Uber працуе больш чым у 570 гарадах 78 краін. Кампанія дэманструе ўзрыўны рост. За 5 гадоў з дапамогай Uber карыстальнікі зрабілі 1 млрд паездак. У перыяд са студзеня па май 2017 года - амаль 5 млрд паездак. Рыначная капіталізацыя складае $68 млрд.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі