Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
03 сакавіка 2018, 15:47

Для пагашэння дзярждоўгу Мінфін плануе максімальна задзейнічаць недаўгавыя крыніцы

3 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Для пагашэння дзяржаўнага доўгу Міністэрства фінансаў Беларусі плануе максімальна задзейнічаць недаўгавыя крыніцы, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў.

"Каб скарачаць доўг, трэба ў першую чаргу яго не нарошчваць. У сувязі з гэтым неабходна максімальна задзейнічаць нашы ўнутраныя крыніцы, каб пагашаць стары доўг і не накопліваць новы, прыцягваючы пазыкі. Трэба праводзіць вельмі ўзважаную палітыку", - падкрэсліў намеснік міністра.

Юрый Селіверстаў пацвердзіў, што плануецца забяспечыць дасягненне штогадовага прафіцыту бюджэту ў аб'ёме ад $400 млн да $700 млн. Гэтыя сродкі будуць накіроўвацца на пагашэнне дзярждоўгу. "Практыка накіроўваць частку даходаў на пагашэнне доўгу якраз і накіравана на выкананне тых даручэнняў, пра якія гаварыў кіраўнік дзяржавы 2 сакавіка (максімальна знізіць знешні дзярждоўг. - Заўвага БЕЛТА)", - заявіў намеснік міністра. Ён удакладніў, што мытныя пошліны на нафтапрадукты будуць па-ранейшаму накіроўвацца на пагашэнне даўгавых абавязацельстваў.

Пры гэтым намеснік міністра ўдакладніў, што ўпор на ўнутраныя крыніцы пры пагашэнні дзярждоўгу не азначае, што Беларусь рэзка перастане прыцягваць пазыкі на сусветных рынках. "Гэта пакрокавая работа. Ніхто не гаворыць, што заўтра мы кінем пазычаць. Напрыклад, пытанне прыцягнення сродкаў на азіяцкім рынку ўсё роўна актуальнае, таму што нам трэба пагашаць папярэдні доўг. І пагасіць яго поўнасцю за кошт недаўгавых крыніц, не рэфінансуючы, будзе даволі праблематычна", - адзначыў ён.

У пятніцу, 2 сакавіка, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў справаздачу ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках работы эканомікі за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту. Адной з тэм, якія абмяркоўваліся ў час справаздачы, стала пытанне пагашэння знешняга доўгу.

Як паведамлялася, на 2018 год даўгавыя абавязацельствы Беларусі ацэньваюцца ў памеры $3,8 млрд, у тым ліку на пагашэнне асноўнага доўгу пойдзе $2,5 млрд, на яго абслугоўване - больш за $1,2 млрд.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі