Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 лютага 2018, 16:45

Дамоўленасці аб экспартных пастаўках беларускай прадукцыі дасягнуты на выстаўцы Gulfood у Дубаі

20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дасягнуты дамоўленасці на пастаўку беларускай прадукцыі на міжнароднай выстаўцы сельскагаспадарчай прадукцыі, прадуктаў харчавання і напіткаў Gulfood 2018, якая праходзіць 18-22 лютага ў Дубаі (Аб'яднаныя Арабскія Эміраты), паведамілі БЕЛТА на прадпрыемстве "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Калінкавіцкі малочны камбінат падпісаў дагавор на пастаўку 150 т сухога малака ў Непал. Таксама чакаецца, што ва Узбекістан і Турцыю будуць адпраўлены 300 т масла.

Вялікім попытам на выстаўцы карыстаюцца прадукты для дзяцей і маці вытворчасці ваўкавыскага ААТ "Беллакт". Гэта малочныя сумесі, сокі, кашы, пюрэ для дзяцей і сухія малочныя прадукты з высокай колькасцю бялку і вітамінаў у саставе. Асаблівую цікавасць праяўляюць бізнесмены з Ірака, Саудаўскай Аравіі, В'етнама і Афганістана.

Слонімскаму мясакамбінату туркменскія бізнесмены прапанавалі адкрыць прадстаўніцтва ў Туркменістане. Цікавасць наведвальнікаў выстаўкі выклікала прадукцыя з рыбы і морапрадуктаў "Санта Брэмар". Прадукцыяй кампаніі сур'ёзна зацікавіліся патэнцыяльныя партнёры з Пакістана, Індыі і Марока, а таксама бізнесмены з Еўропы - Сербіі, Францыі і Іспаніі.

У рабоце беларускай экспазіцыі ўдзельнічаюць дзевяць кампаній - экспарцёраў мясной, малочнай і кандытарскай прадукцыі, а таксама рыбы і морапрадуктаў: Калінкавіцкі малочны камбінат, Глыбоцкі малочнакансервавы камбінат, ваўкавыскае ААТ "Беллакт", Лідскі малочнакансервавы камбінат, "Праймілк", Слонімскі мясакамбінат, "Сервалюкс", "Санта Брэмар", "Чырвоны харчавік".

Gulfood уваходзіць у тройку буйнейшых штогадовых сусветных выставак харчовых тавараў. Выстаўка папулярна сярод вытворцаў і пастаўшчыкоў прадуктаў харчавання з усяго свету ў многім дзякуючы таму, што ААЭ з'яўляюцца ключавым вузлом рээкспарту харчовай прадукцыі ў рэгіёне Персідскага заліва.

У выстаўцы ў гэтым годзе ўдзельнічаюць больш за 5 тыс. кампаній са 120 краін, у тым ліку з Аўстраліі, Вялікабрытаніі, В'етнама, Германіі, Індыі, Кіпра, Кітая, Сінгапура, ЗША, Расіі, Фінляндыі, Японіі. Чакаецца, што колькасць наведвальнікаў перасягне 95 тыс. чалавек.

Арганізатарам экспазіцыі беларускіх вытворцаў з'яўляецца выставачнае ўнітарнае прадпрыемства "Белінтэрэкспа" Беларускай гандлёва-прамысловай палаты. Экспазіцыя арганізавана пры падтрымцы пасольства Беларусі ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі