Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
15 жніўня 2018, 12:05

БУТБ і ЕЭК ААН плануюць развіваць супрацоўніцтва ў сферы беспапяровага гандлю

15 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ўніверсальная таварная біржа і Еўрапейская эканамічная камісія ААН плануюць развіваць супрацоўніцтва ў сферы беспапяровага гандлю, паведаміў БЕЛТА прэс-сакратар біржы Раман Яніў.

"Перспектывы ўдзелу ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" ў стварэнні ў Беларусі Нацыянальнай сістэмы беспапяровага гандлю (НСБГ) абмеркаваны 14 жніўня ў ходзе візіту ў цэнтральны офіс БУТБ дэлегацыі Еўрапейскай эканамічнай камісіі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый", - сказаў ён. У прыватнасці, разглядаецца магчымасць выкарыстання вопыту БУТБ па ўкараненні тэхналогій электроннага абмену данымі (EDI) і электроннага дакументаабароту пры рэалізацыі аналагічных праектаў у іншых дзяржаўных арганізацыях.

Як адзначыў вядучы эксперт ЕЭК ААН па пытаннях электроннага ўрада Іман Шыхі, створаная БУТБ лічбавая інфраструктура можа быць інтэгравана з НСБГ для забеспячэння аператыўнага і бяспечнага абмену інфармацыяй з зацікаўленымі ведамствамі - Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі, Дзяржаўным мытным камітэтам, Міністэрствам па падатках і зборах, Міністэрствам фінансаў і іншымі структурамі.

Паводле яго слоў, на пачатковым этапе стварэння НСБГ неабходна правесці комплексны аналіз дзеючых у краіне інфармацыйных сістэм і ацаніць іх адпаведнасць міжнародным стандартам. "Зыходзячы з атрыманых вынікаў, мы зможам распрацаваць падрабязную праграму мерапрыемстваў па ўкараненні ў Беларусі механізма аднаго акна з мэтай спрашчэння працэдур гандлю і перавядзення іх у электронны фармат. Безумоўна, у сваіх рэкамендацыях мы будзем улічваць вопыт біржы па лічбавізацыі ключавых бізнес-працэсаў", - дадаў прадстаўнік ЕЭК ААН.

У сваю чаргу намеснік старшыні праўлення БУТБ Ірына Наркевіч падкрэсліла гатоўнасць біржы супрацоўнічаць з ЕЭК ААН па ўсіх пытаннях, што датычацца стварэння НСБГ у Беларусі, у тым ліку падзяліцца сваімі напрацоўкамі.

Намеснік старшыні праўлення расказала, што правядзенне біржавых таргоў сёння практычна цалкам аўтаматызавана, а ўсе здзелкі праводзяцца ў рэжыме анлайн з выкарыстаннем электроннага лічбавага подпісу. Акрамя таго, у рамках мерапрыемстваў па пашырэнні прымянення электроннага дакументаабароту на БУТБ рэалізавана паўнацэнная EDI-сістэма, пабудаваная на аснове стандартаў EDIFACT ААН з улікам міжнародных і беларускіх класіфікатараў тавараў і паслуг. "Таксама для зручнасці ўдзельнікаў таргоў у гэтым годзе мы дапрацавалі праграмны модуль па секцыі металапрадукцыі, і цяпер гандлёвая сістэма аўтаматычна блакіруе заяўкі на куплю або продаж тавараў з Рэестра небяспечнай прадукцыі, забароненай да ўвозу і абарачэння на тэрыторыі Беларусі, які вядзе Дзяржстандарт. У такім жа ключы плануем наладзіць узаемадзеянне з іншымі міністэрствамі і ведамствамі", - адзначыла Ірына Наркевіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі