Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 жніўня 2019, 15:04

Будаўніцтва падстанцыі на Нежынскім ГАК плануюць завяршыць у бягучым годзе

12 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Будаўніцтва электрычнай паніжальнай падстанцыі 110/10 кВ "Нежынская" плануюць завяршыць у 2019 годзе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ЗТАА "Славкалій".

"Завяршыць будаўніцтва падстанцыі "Нежынская" і выканаць яе падключэнне да падстанцыі "Калійная" плануецца ў бягучым годзе. Атрыманая крыніца электраэнергіі забяспечыць работу будуемага калійнага комплексу на пастаянны перыяд", - сказалі ў прэс-службе.

"Славкалій" прадаўжае будаўніцтва падстанцыі. Шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне часовай крыніцай электраэнергіі будаўнічага гарадка, удалося завяршыць у мінулым годзе. Былі ўзведзены будынак агульнападстанцыйнага пункта кіравання, 4-я секцыя будынка размеркавальнага ўстройства, кабельныя каналы і эстакады, выканана падключэнне падстанцыі "Нежынская" да ўладкаванай адпайкі ад паветранай высакавольтавай лініі падстанцыі 110/10 кВ "Калійная" - падстанцыі "Сарачы".

Сёння будаўніча-мантажныя работы на падстанцыі "Нежынская" прадаўжаюцца ў адпаведнасці з графікам. Выконваецца забіўка паляў пад будаўніцтва модульнага будынка элегазавага комплекснага размеркавальнага ўстройства, 1-й, 2-й, 3-й секцый будынка закрытага размеркавальнага ўстройства (ЗРУ), трансфарматарнай устаноўкі, ідзе мантаж металічных каркасаў асновы аб'ектаў. Дастаўку неабходных матэрыялаў і абсталявання плануецца завяршыць на працягу месяца.

Падача электраэнергіі на падстанцыю будзе ажыццяўляцца ад падстанцыі "Калійная" па паветранай высакавольтавай лініі на 110 кВ. Уладкаванне лініі "Славкалій" выканаў на 50 працэнтаў. Устаноўлены больш за 90 электрычных апор, у бягучым месяцы пачнуць нацяжэнне правадоў. Акрамя таго, выконваецца рэканструкцыя ўчастка перасячэння будуемай высакавольтавай лініі з дзеючай ВЛ на 330 кВ "Калійная - Мазыр".

Нежынскі горна-абагачальны камбінат на базе Старобінскага радовішча калійных солей будзе другім прадпрыемствам у Беларусі па здабычы калійнай руды і вытворчасці калійных угнаенняў. Яго магутнасць складзе да 2 млн т хларыду калію ў год. Інвестыцыйны праект прадугледжвае будаўніцтва горназдабыўнога комплексу, абагачальнай фабрыкі, газатурбіннай электрастанцыі для ўласных патрэб, чыгуначнай, аўтадарожнай, жыллёвай і іншай інфраструктуры. Яго рэалізуе ЗТАА "Славкалій", што ўваходзіць у групу "Сафмар" Міхаіла Гуцарыева.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі