Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 красавіка 2018, 12:51

Будаўніцтва Беларускай АЭС вядзецца ў адпаведнасці з графікам - КДК

19 красавіка, Мінск /Надзея Мацвеева - БЕЛТА/. Будаўніцтва Беларускай АЭС вядзецца ў адпаведнасці з графікам, паведаміў сёння журналістам старшыня КДК Леанід Анфімаў напярэдадні сумеснага пасяджэння калегій Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі і Падліковай палаты Расіі, якое праходзіць у рэжыме відэа-канферэнц-сувязі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У першым квартале 2018 года Камітэт дзяржаўнага кантролю і Падліковая палата правялі сумеснае кантрольнае мерапрыемства па выкананні абавязацельстваў бакоў па міжурадавым пагадненні Расіі і Беларусі аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве на беларускай тэрыторыі АЭС. Праверка паказала, што абавязацельствы ў цэлым выконваюцца, фінансаванне праекта ажыццяўляецца своечасова і ў поўным аб'ёме. Праведзена работ на суму больш за $3 млрд, з якіх $2,7 млрд - крэдытныя рэсурсы.

"Будаўніцтва ідзе ў адпаведнасці з зацверджаным графікам. Збояў, якія выклікалі б сур'ёзныя нараканні ў беларускага і расійскага бакоў, няма. Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача пабудаваць у Рэспубліцы Беларусь самую сучасную, бяспечную і тэхналагічную атамную станцыю. І кантроль нацэлены на тое, каб папярэдзіць развіццё негатыўных сітуацый, каб сапраўды станцыя атрымалася самай бяспечнай і сучаснай, не выклікала нараканняў ні ў нашых грамадзян, ні ў нашых суседзяў", - адзначыў Леанід Анфімаў.

Паводле яго слоў, у кантрольнага ведамства няма сумненняў у тым, што абазначаныя ў дакументах тэрміны ўводу аб'екта будуць выкананы. Учора адбылася рабочая нарада з прадстаўнікамі карпарацыі "Расатам", генеральны падрадчык запэўніў, што прыкладзе ўсе намаганні для своечасовага выканання работ.

Актыўная фаза будаўніцтва Беларускай АЭС пачалася ў 2013 годзе. Цяпер работы вядуцца на 123 аб'ектах, задзейнічана 41 падрадная будаўнічая арганізацыя, у тым ліку 23 беларускія. Кантроль якасці і выкананне тэхналогіі правядзення будаўнічых работ на пастаяннай аснове ажыццяўляецца органамі Дзяржбуднагляду і Дзяржатамнагляду.

Міжурадавае пагадненне прадугледжвае супрацоўніцтва дзвюх краін у праектаванні, будаўніцтве і ўводзе ў эксплуатацыю двух энергаблокаў атамнай электрастанцыі магутнасцю да 1200 МВт кожны, а таксама дапаможных аб'ектаў, якія забяспечваюць бяспечную работу кожнага энергаблока. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога - у ліпені 2020 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі