Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 сакавіка 2018, 13:58

Большасць інтэрнэт-магазінаў выконвае патрабаванні заканадаўства - МАРГ

12 сакавіка, Мінск /Юлія Дылянок - БЕЛТА/. Большасць інтэрнэт-магазінаў выконвае патрабаванні заканадаўства, якое рэгулюе іх дзейнасць. Аб гэтым паведаміла сёння журналістам начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Барышнікава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Масавых парушэнняў, якія мы фіксавалі ў 2014, 2015 гадах, цяпер няма. Можна гаварыць, што большасць інтэрнэт-магазінаў выконвае патрабаванні заканадаўства", - адзначыла Ірына Барышнікава.

Пры гэтым яна канстатавала, што спажыўцы ўсё ж сутыкаюцца з парушэннямі. Да найбольш частых прадстаўнік МАРГ аднесла непастаўку заказанага тавару ва ўстаноўленыя дагаворам тэрміны, утойванне важнай інфармацыі аб тавары, рэалізацыю няякаснага або шэрага тавару, утойванне інфармацыі пра прадаўца, ухіленне ад разгляду прэтэнзій грамадзян, рэалізацыю прадукцыі, абарот якой абмежаваны заканадаўствам. "Апошнім часам сусветная супольнасць таксама азадачана, якім чынам вырашаць праблему некантралюемага выкарыстання персанальных даных. Яна мае шырокі спектр, вырашаць яе трэба комплексна, а не толькі ў рамках заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў", - лічыць Ірына Барышнікава.

У мінулым годзе пры правядзенні кантрольных мерапрыемстваў, міністэрствам было выдадзена 46 прадпісанняў і складзена 45 пратаколаў. "Калі ўладальнікі сайта не выконваюць прадпісанне МАРГ, мы вымушаны накіроўваць адпаведную інфармацыю ў Міністэрства інфармацыі для прыпынення доступу да сайта. У 2017 годзе Міністэрствам інфармацыі быў закрыты доступ да 44 сайтаў", - удакладніла Ірына Барышнікава.

Паводле яе слоў, часцей за ўсё абмяжоўваўся доступ да сайтаў, з дапамогай якіх рэалізоўвалася харчовая прадукцыя пад выглядам лекавых сродкаў, а таксама да сайтаў форэкс-кампаній, не зарэгістраваных у рэестры Нацыянальнага банка.

Акрамя таго, МАРГ актыўна займаецца кантрольнай дзейнасцю, накіраванай на спыненне распаўсюджвання неналежнай рэкламы, што ўводзіць спажыўцоў у зман.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі