Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 верасня 2017, 14:00

"Белдзяржхарчпрам" пракаменціраваў сітуацыю з пастаўкамі цукру ў Расію

21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першы намеснік старшыні канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Ігар Шустаў пракаменціраваў сітуацыю з пастаўкамі цукру ў Расію, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Афіцыйных прэтэнзій ніякіх і не было. Мы на расійскім рынку працуем з году ў год, пры поўным узаемаразуменні з расійскімі калегамі. У нас усё адпрацавана на працягу апошніх васьмі гадоў, ніякіх скандалаў не было", - падкрэсліў Ігар Шустаў, каменціруючы інфармацыю ў расійскіх СМІ аб прапанове абмежаваць імпарт цукру ў Расію з Казахстана і Беларусі.

Першы намеснік старшыні канцэрна растлумачыў узнікненне напружанасці з экспартам цукру ў Расію перавытворчасцю цукру ў гэтай краіне другі год запар. "Там другі год добры ўраджай цукровых буракоў і, як вынік, празмерная колькасць цукру, што паўплывала на зніжэнне цэн", - растлумачыў ён і паведаміў, што аптовая цана на цукар у Расіі ўпала больш як на 60 працэнтаў.

Пры гэтым Ігар Шустаў звярнуў увагу, што Беларусь на расійскім рынку - маленькі ігрок. "Мы ні ў якім разе не ўплываем на цэнаўтварэнне там. Мы пастаўляем каля 200 тыс.т цукру ў год, а спажыванне ў Расіі 5,5-5,6 млн т", - расказаў ён. Да таго ж Беларусь пастаўляе ў суседнюю краіну толькі бураковы цукар, адзначыў Ігар Шустаў.

"У нас там напрацаваны доўгатэрміновыя кантракты, кантакты са спажыўцамі. Яны прывыклі да нашага цукру. Тут ніякай праблемы няма, тым больш вайны - гэта нават не абмяркоўваецца. Гэта пытанні бізнесу", - канстатаваў прадстаўнік "Белдзяржхарчпрама".

Першы намеснік старшыні таксама адзначыў, што нейкія дадатковыя перагаворы па пытаннях пастаўкі цукру ў Расію цяпер не вядуцца. "Нам не трэба дадатковых перагавораў. Мы ў пастаянным кантакце. У нас ёсць асацыяцыя, ёсць расійская асацыяцыя, ёсць еўразійская - у рамках гэтых аб'яднанняў мы сустракаемся пастаянна. Дадатковых перагавораў, рашэнняў не трэба. Ёсць праблемныя пытанні па фарміраванні рынку ў ЕАЭС. Ёсць прэферэнцыйныя рэжымы ў асобных краінах, тут трэба наводзіць парадак, каб былі аднолькавыя ўмовы", - паведаміў ён.

Ігар Шустаў растлумачыў, што размовы аб абмежавальных мерах па пастаўках цукру ў ЕАЭС не ідзе. "Нейкія забаронныя, загараджальныя меры, меры нетарыфнага рэгулявання проста заканадаўства ЕАЭС не дазваляе. Цяпер ідзе звычайнае супрацоўніцтва, мы ведаем расійскіх вытворцаў, яны ведаюць нас. Мы пастаянна сустракаемся, праводзім семінары, дзелімся вопытам. Проста так склалася сітуацыя на рынку цукру, чатыры гады таму яна была абсалютна дыяметральная", - рэзюмаваў ён.

Як паведамлялі расійскія СМІ, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Расіі Аляксандр Ткачоў прапанаваў абмежаваць імпарт цукру з Казахстана і Беларусі. Ён выказаў заклапочанасць, што імпарт негатыўна ўплывае на ўмовы гаспадарання расійскіх вытворцаў цукру.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі