Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
08 верасня 2017, 15:24

БелАЗ можа павялічыць сваю долю на сусветным рынку - Кабякоў

8 верасня, Жодзіна /Кар. БЕЛТА/. У ААТ "БелАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БелАЗ-холдынг" ёсць перспектыва прадоўжыць павялічваць сваю долю на сусветным рынку, заявіў сёння прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў у час наведвання прадпрыемства, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Будучыня ў БелАЗа добрая. Прадпрыемства на ўздыме, яны вельмі ўпэўнена прайшлі перыяд спаду попыту на прадукцыю, зрабілі сур'ёзную мадэрнізацыю тэхналагічных працэсаў, распрацавалі новыя запатрабаваныя канструкцыі, а таксама дапоўнілі лінейку адсутнымі мадэлямі. І цяпер дэманструюць добрыя тэмпы росту вытворчасці і ў грашовым, і ў колькасным выражэнні. Прадпрыемства адваявала 30 працэнтаў сусветнага рынку, займае другое месца ў свеце, паміж японцамі і амерыканцамі. І ёсць перспектыва таго, што яны гэтых тэмпаў не страцяць", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што на сусветных рынках заўсёды ёсць пэўная цыклічнасць у попыце на прадукцыю. "На БелАЗе добра ведаюць, як гэтыя цыклы паўтараюцца, і тую частку цыкла, якая была неспрыяльная 2-3 гады таму, прадпрыемства паспяхова пераадолела. Цяпер рынак расце, попыт расце, і прадпрыемства павялічвае сваю долю", - растлумачыў ён.

Кіраўнік урада таксама звярнуў увагу, што БелАЗ прадаўжае мадэрнізацыю. "Імпануе тое, што акрамя таго, што ўжо рэалізавана, кіраўніцтва прадпрыемства дакладна акрэслівае планы, як далей будзе праходзіць мадэрнізацыя. У іх ёсць добрая перспектыва мінімум на пяцігодку - БелАЗ упэўнена глядзіць у будучыню", - канстатаваў ён.

Акрамя таго, Андрэй Кабякоў адзначыў і сацыяльныя паказчыкі БелАЗа. "Расце колькасць супрацоўнікаў, цяпер больш як 600 чалавек узялі на работу. Сярэдняя заработная плата складае Br1,4 тыс. Гэта сведчыць аб тым, што ў прадпрыемства каласальны патэнцыял, і размова ідзе не толькі аб асноўнай пляцоўцы, ёсць сур'ёзныя планы і па развіцці вытворчасцей у Магілёве і Пінску, якія ўваходзяць у склад холдынга", - сказаў ён.

Беларускі аўтамабільны завод - высокаэфектыўная прамысловая вытворчасць кар'ернага і спецыялізаванага транспарту з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогій. За ўсю гісторыю прадпрыемства выпушчана больш за 500 розных мадыфікацый кар'ерных самазвалаў і машын спецыяльнага прызначэння, сабрана 146 тыс. адзінак тэхнікі, геаграфія паставак налічвае 72 краіны свету.

Паводле даных за студзень-жнівень, аб'ём вытворчасці прадпрыемства вырас у 1,9 раза (тэмп росту 187,6 працэнта) да адпаведнага перыяду 2016 года. Экспарт тавараў вырас практычна ў 2 разы (тэмп росту 198,1 працэнта). Суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб'ёму вытворчасці знізіліся на 143,2 працэнтнага пункта адносна пачатку 2017 года. За восем месяцаў прадукцыя ААТ "БелАЗ" пастаўлена ў 25 краін свету.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі