Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 жніўня 2016, 09:01

"Беларуснафта" плануе ў бліжэйшыя гады захаваць узровень здабычы нафты ў краіне

26 жніўня, Гомель /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Узровень здабычы нафты ў Беларусі ў бліжэйшыя гады плануецца захаваць. Аб гэтым паведаміў 25 жніўня на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар РУП "Вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" Аляксандр Ляхаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На працягу апошніх чатырох гадоў кампанія штогод здабывае на радовішчах Беларусі 1,645 млн т нафты. Захаванне гэтага ўзроўню будзе адной з галоўных мэт у рабоце аб'яднання як мінімум на бліжэйшыя дзесяць гадоў. Магчымасці для яе дасягнення ёсць, лічыць генеральны дырэктар. "Па-першае, гэта рэсурсная база, якая ў нас з году ў год удасканальваецца. Нейкія запасы мы выпрацоўваем, адначасова адкрываем новыя радовішчы", - адзначыў ён. Па-другое, ідзе пастаяннае ўдасканаленне тэхналогій нафтаздабычы, якія даюць магчымасць эфектыўна здабываць вуглевадароды са свідравін, раней прызнаных нерэнтабельнымі.

Прамысловая здабыча нафты ў Беларусі пачалася ў 1964 годзе. Максімальны ўзровень яе здабычы прыпадае на 1975 год - каля 8 млн т. Потым здабыча нафты рэзка знізілася, у 1997 годзе ўзровень склаў 1,82 млн т. Арганізацыя рацыянальнай і эфектыўнай распрацоўкі пакладаў у апошнія два дзесяцігоддзі дала магчымасць стабілізаваць здабычу вуглевадародаў у краіне. Дасягнута гэта за кошт рэалізацыі комплексу арганізацыйных і тэхнічных мерапрыемстваў, выкарыстання інавацый, новаўвядзенняў, якія даюць магчымасць павышаць нафтааддачу пластоў і тым самым падтрымліваць здабычу вуглевадароднай сыравіны на зададзеным узроўні.

Закранаючы тэму перспектыў нафтаздабыўной галіны ў цэлым, гендырэктар адзначыў, што нафта з'яўляецца вельмі важным народна-гаспадарчым фактарам для краіны. Можна выказаць меркаванне, што паліўны складнік нафты, гэта значыць атрыманне з яе бензіну і дызельнага паліва, будзе слабець. Аднак няма сумненняў у тым, што будзе ўзмацняцца такі напрамак, як нафтахімія, і іншыя.

Нават калі ў бліжэйшыя гады электрамабілі атрымаюць шырокае распаўсюджванне, не трэба забываць, што для іх работы спатрэбіцца шмат электрычнай энергіі. Яе будзе выпрацоўваць не толькі энергія атама, але і цеплавыя электрастанцыі, сыравінай для якіх з'яўляецца нафта. "Таму лічу, што весці размовы аб скарачэнні здабычы нафты і спыненні "нафтавай эры" ў цэлым пакуль дачасна", - канстатаваў Аляксандр Ляхаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі