Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 чэрвеня 2017, 17:09

Беларускія прадукты карыстаюцца попытам на расійскім рынку за натуральнасць і якасць - Наркевіч

26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія прадукты карыстаюцца павышаным попытам на расійскім рынку за натуральнасць і якасць. Аб гэтым заявіла намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ірына Наркевіч сёння на прэс-канферэнцыі, прымеркаванай да правядзення ў Маскве 29-30 чэрвеня IV Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Наша прадукцыя ў Расійскай Федэрацыі пазіцыянуецца як натуральная, якасная, выкананая па ДАСТах, - адзначыла Ірына Наркевіч. - Увага да нашых прадуктаў самая пільная, расійскі спажывец выбірае беларускі тавар".

У студзені - красавіку бягучага года Беларусь павялічыла экспарт харчовых тавараў на 32,9 працэнта да студзеня - красавіка 2016 года. Пастаўкі ў Расійскую Федэрацыю выраслі за названы перыяд на 30 працэнтаў. Рост экспарту адзначаўся па мясных і каўбасных вырабах, шакаладзе, хлебабулачных і мучных кандытарскіх вырабах, іншых відах харчовай прадукцыі. Па нехарчовай групе тавараў экспарт павялічыўся на 22,3 працэнта, у Расійскую Федэрацыю - на 21,2 працэнта. Напрыклад, пастаўкі на расійскі рынак тэкстыльнага і трыкатажнага адзення выраслі больш як у 1,5 раза.

"Расійскі рынак - гэта стратэгічная пляцоўка, якая асабліва важна для нашых прадпрыемстваў", - падкрэсліла Ірына Наркевіч. Паводле яе слоў, удзел у маючым адбыцца Форуме рэгіёнаў дасць магчымасць айчынным вытворцам устанавіць новыя дзелавыя кантакты. У дні форуму ў Маскве будзе працаваць кірмаш-продаж беларускай прадукцыі, у якім прымуць удзел 57 арганізацый Беларусі, з іх 36 - вытворцы прадуктаў харчавання і 21 - прамысловай групы тавараў. Наведвальнікам прадставяць таксама турыстычны патэнцыял Беларусі. Будзе арганізаваны продаж пуцёвак у беларускія санаторыі і дамы адпачынку, а таксама сертыфікатаў на экскурсіі.

Усяго па выніках форуму плануецца падпісанне кантрактаў на $400 млн. Дзелавой праграмай прадугледжаны секцыйныя пасяджэнні з удзелам профільных міністэрстваў і ведамстваў, прадстаўнікоў бізнесу дзвюх краін. Яны абмяркуюць магчымасці стымулявання развіцця канкурэнтаздольных высокатэхналагічных вытворчасцей Беларусі і Расіі, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, ролю інфармацыйных тэхналогій у развіцці інстытутаў грамадзянскай супольнасці Саюзнай дзяржавы, праблемы і перспектывы гарманізацыі заканадаўства ва ўмовах інтэграцыйнага развіцця, а таксама перспектывы партнёрства ІТ-кампаній. У цэнтры ўвагі будуць таксама пытанні супрацоўніцтва гарадоў і раёнаў Беларусі і Расіі, магчымасці пашырэння дзелавых сувязей паміж краінамі.

Галоўнай тэмай пленарнага пасяджэння маючага адбыцца форуму стане партнёрства рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў сферы высокіх тэхналогій, інавацый і інфармацыйнага грамадства. Адбудзецца пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве.

Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі арганізуецца з мэтай садзейнічання пашырэнню прамых кантактаў паміж краінамі, у тым ліку па лініі заканадаўчай і выканаўчай галін улады, дзелавых колаў, а таксама выпрацоўкі рэкамендацый па ўдасканаленні нарматыўнай прававой базы для паскоранага развіцця эканомік дзвюх дзяржаў. Мерапрыемства праводзіцца пад эгідай Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі і Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі