Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 чэрвеня 2017, 09:31

Беларускія пастаўшчыкі павінны дапускацца на таргі ў РФ разам з расійскімі - Мясніковіч

23 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Умовы доступу беларускіх і расійскіх вытворцаў да таргоў у Расійскай Федэрацыі павінны быць супастаўныя. Аб гэтым заявіў 22 чэрвеня журналістам у Мінску старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Неабходна, каб нашы суб'екты гаспадарання дапускаліся на таргі разам з расійскімі", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. Гэта тэма разам з іншымі пытаннямі гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага партнёрства паміж краінамі будзе абмяркоўвацца на маючым адбыцца IV Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Старшыня Савета Рэспублікі канстатаваў, што ў гандлі паміж краінамі перыядычна ўзнікаюць бар'еры. "Маюць месца факты прыняцця рашэнняў у аднабаковым парадку. І хоць гэтыя рашэнні непасрэдна і не супярэчаць дакументам Саюзнай дзяржавы, але тое, што яны прымаюцца, часам наносіць урон партнёру з іншага боку і такім чынам не садзейнічаюць фарміраванню адзінай эканамічнай прасторы", - сказаў ён. Прыклады такіх сітуацый ёсць у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, энергетыцы. "Гэта і ІТ-сфера, калі праграмнае забеспячэнне ў Расіі закупляецца толькі айчыннае, а нашы айцішнікі не могуць нармальна працаваць на рынку РФ, гэта і дазвольная сістэма па грузаперавозках у/з трэціх краін", - пералічыў Міхаіл Мясніковіч.

На яго думку, няправільна спрабаваць вырашыць аб'ектыўна складаныя пытанні паасобку. "Бар'еры ёсць, і трэба іх паступова знімаць. Для нас гэта складана, паколькі няма граніцы паміж нашымі краінамі, мы не можам абараніць айчынных вытворцаў метадамі тарыфнай або нетарыфнай палітыкі, застаецца працаваць з сабекоштам і якасцю, - адзначыў Міхаіл Мясніковіч. - У той жа час мы бачым, што шэраг іншых дзяржаў прадастаўляе сваім вытворцам вялікія прэферэнцыі, у тым ліку за кошт сродкаў бюджэту, якія мы не можам прадаставіць па аб'ектыўных прычынах сваім вытворцам. Гэта разбурае рынкі і стварае ўмовы нядобрасумленнай канкурэнцыі на агульнай эканамічнай прасторы".

Разам з тым ён лічыць, што, аб'ядноўваючы намаганні, можна дабіцца вырашэння праблемных пытанняў. "Як мне здаецца, партнёры з разуменнем да гэтага паставяцца, каб выпрацаваць рашэнні, прымальныя для ўсіх або, прынамсі, мінімізаваць выдаткі ў існуючай сітуацыі", - рэзюмаваў Міхаіл Мясніковіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі