Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 ліпеня 2016, 09:05

Беларускія чарніцы запатрабаваны ў Літве і Польшчы

26 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Белкаапсаюз пачаў экспартныя пастаўкі чарніц новага ўраджаю, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення нарыхтовак Белкаапсаюза Аксана Скіндэр.

"Арганізацыі Белкаапсаюза пачалі пастаўкі на экспарт у Польшчу і Літву замарожаных чарніц гэтага ўраджаю. Замежныя спажыўцы праяўляюць інтарэс да беларускай ягады - ужо адгружана больш за 100 т чарніц", - расказала Аксана Скіндэр.

У Беларусі ў гэтым годзе ўжо нарыхтавана больш як 3 тыс. т чарніц, што ў 1,6 раза больш, чым за аналагічны перыяд 2015 года. Традыцыйна закупачныя цэны на дзiкарослую прадукцыю вызначае не ўнутраны рынак, а еўрапейскі. Цяпер чарніцы прымаюць ад Br1,5 да Br2 за кг у залежнасці ад рэгіёна.

Арганізацыі спажыўкааперацыі таксама нарыхтоўваюць чырвоныя і чорныя парэчкі, маліну, вішню, чарэшню. Да гэтага часу закуплена 250 т чырвоных і 350 т чорных парэчак, 215 т вішні і чарэшні.

Пачалася нарыхтоўка грыбоў: у насельніцтва прымаюць лісічкі, баравікі, падасінавікі і падбярозавікі. Лісічкі можна здаць па Br5-6 за кг, баравікі - па Br5-7, астатнія грыбы - па Br1,5. Ужо закуплена звыш 12 т грыбоў.

Агуркоў закуплена 6,6 тыс. т (закупачная цана - Br0,25-0,3 за кг), капусты - 6,8 тыс. т (Br0,25-0,3), таматаў - 2,3 тыс. т (Br1,2-1,5), бульбы - 6,3 тыс. т (Br0,45-0,5), зялёных культур - 120 т.

Здаць можна любую колькасць плодаагародніннай і дзікарослай прадукцыі. "Патрабавання па мінімальнай вазе сыравіны пры нарыхтоўцы не прад'яўляецца. Існуюць толькі патрабаванні па якасці сыравіны, рэгламентаваныя ДАСТам і іншымі нарматыўнымі дакументамі", - растлумачыла Аксана Скіндэр.

Лішкі сельгаспрадукцыі насельніцтва можа здаць у 700 прыёманарыхтоўчых пунктах, 7 тыс. магазінаў, размешчаных у сельскай мясцовасці. Арганізавана работа каля 700 штатных нарыхтоўшчыкаў, дадаткова да сезона масавых нарыхтовак плодаагародніннай і дзікарослай прадукцыі прымаецца на работу 1,5 тыс. пазаштатных нарыхтоўшчыкаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі