Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 ліпеня 2017, 16:18

Беларускія аграрыі плануюць сабраць каля 1 млн т бульбы

28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускія аграрыі плануюць сабраць у 2017 годзе каля 1 млн т бульбы. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства - начальнік аддзела па вырошчванні плодаагародніннай прадукцыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Таццяна Карбановіч.

"Паводле прагнозаў, сельгасарганізацыі і сялянскія фермерскія гаспадаркі збяруць каля 1 млн т бульбы - гэта крыху менш, чым у мінулым годзе. Тым не менш гандаль, грамадскае харчаванне будуць поўнасцю забяспечаны бульбай. Закладка ў стабілізацыйныя фонды на міжсезонны перыяд таксама будзе забяспечана ў поўным аб'ёме", - сказала Таццяна Карбановіч.

Уборку бульбы ў Беларусі плануецца пачаць у верасні. У гэтым годзе з-за непадыходзячых пагодна-кліматычных умоў гэта культура была высаджана на два тыдні пазней, чым у мінулым. Нізкія начныя тэмпературы расцягнулі вегетацыйны перыяд. У той жа час, паводле слоў Таццяны Карбановіч, вопыт беларускіх спецыялістаў дазволіць вырасціць бульбу высокай якасці, якая будзе запатрабавана і ў краіне, і за мяжой. "Нашы аграномы захаваюць ураджай ва ўмовах асаблівасцей вясенняга перыяду. Праводзяцца дадатковыя ахоўныя мерапрыемствы", - адзначыла прадстаўнік Мінсельгасхарча.

Аграрыі разлічваюць таксама на ўраджай 528 тыс. т агародніны ў адкрытым і закрытым грунтах. Буракі, капуста, морква, цыбуля займаюць каля 65 працэнтаў у структуры пасяўных плошчаў агароднінных культур у сельгасарганізацыях. Вырошчваецца таксама каля 40 найменняў іншай агародніны.

У апошнія гады пацяпленне клімату дало магчымасць вырошчваць у Беларусі цеплалюбівыя культуры ў адкрытым грунце: баклажаны, перац, спаржавую фасолю, кавуны, дыні. У бягучым годзе ў асноўным у фермерскіх гаспадарках закладзены плантацыі больш як 50 га бахчавых культур. "Для таго каб ураджай сфарміраваўся, падабраны падыходзячыя сарты, выконваюцца неабходныя тэхналогіі. Спадзяёмся, што ў гэтым годзе паспрабуем беларускія кавуны", - дадала Таццяна Карбановіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі