25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя (БНБК) пачынае маштабны інвестыцыйны праект "Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла на 2016-2032 гады", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.
24 мая ў Доме ўрада ў прысутнасці намесніка прэм'ер-міністра Міхаіла Русага адбылося афіцыйнае падпісанне пакета дакументаў, якія даюць афіцыйны старт рэалізацыі ў Беларусі маштабнага праекта ў АПК.
У прыватнасці, падпісаны дагавор аб парадку выкарыстання і пагашэння льготнага ўрадавага крэдыту па праекце "Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла на 2016-2032 гады" (першы этап) паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрствам фінансаў, ААТ "Белаграпрамбанк", ЗАТ "Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя". Адбылося таксама падпісанне дагавора аб залогу паміж Дзяржаўным камітэтам па маёмасці і БНБК.
Гэтым падведзены вынік амаль двухгадовай работы з моманту, калі кіраўнік дзяржавы падпісаў указ нумар 300 аб рэалізацыі ў Беларусі высокапрыярытэтнага, экспартна арыентаванага і імпартазамяшчальнага інвестыцыйнага праекта "Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла на 2016-2032 гады".
Як адзначыў Міхаіл Русы, праведзена вялікая работа, прыняты неабходныя дакументы на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, урада, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства фінансаў, Міністэрства эканомікі, Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, Мінскага аблвыканкама і іншых зацікаўленых. "Праект з'яўляецца значным для сельскай гаспадаркі - найважнейшай галіны эканомікі нашай краіны", - падкрэсліў ён.
Паводле слоў віцэ-прэм'ера, праект запушчаны, але гэта толькі пачатак. "Кіраўніцтву БНБК неабходна засяродзіць увагу на тым, дзе будуць купляць сыравіну, куды будзе ісці рэалізацыя гатовай прадукцыі, як максімальна эфектыўна арганізаваць увесь працэс вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі. Праект павінен забяспечыць эфектыўнасць і акупнасць укладзеных інвестыцый", - звярнуў увагу Міхаіл Русы.
Праект уключае ў сябе будаўніцтва і ўвод у эксплуатацыю завода па вытворчасці лізіну, заводаў па вытворчасці трэаніну і трыптафану, заводаў па вытворчасці камбікармоў, комплексу збожжасховішчаў, аўтакамбіната, адміністрацыйна-бытавога комплексу, навукова-даследчай лабараторыі, электрычнай падстанцыі, паратурбіннай устаноўкі, а таксама аб'ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры.-0-