Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 жніўня 2017, 19:43

Беларусь зможа зарабіць на экспарце прадуктаў харчавання ў азіяцкія і арабскія краіны - Кавалёў

11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зможа зарабіць на экспарце прадуктаў харчавання ў азіяцкія і арабскія краіны. Такое меркаванне ў час круглага стала "Роля АПК у эканоміцы Беларусі" ў прэс-цэнтры БЕЛТА выказаў дэкан эканамічнага факультэта БДУ, прафесар Міхаіл Кавалёў.

На яго думку, з ростам насельніцтва планеты будзе расці і патрэбнасць у прадуктах харчавання. Яна і сёння вялікая: краіны, што сталі на шлях развіцця, імпартуюць прадукты харчавання прыкладна на $0,5 трлн. Таму пастаўленая кіраўніцтвам краіны мэта да 2020 года экспартаваць прадуктаў харчавання на $7,5 млрд можа быць дасягнута ў першую чаргу за кошт дыверсіфікацыі рынкаў.

"У якасці прыкладу прывяду азіяцкія краіны. Дзякуючы рэзкаму ўздыму эканомік у іх з'явіліся грошы. У першую чаргу гэта, вядома, Кітай. Краіна ўжо сёння купляе прадукты харчавання на $170 млрд. Галоўным экспартным прадуктам у нас з'яўляецца малако, а кітайцы толькі пачынаюць прывыкаць да малака і марожанага. У свеце ўжо з'явілася прымаўка: калі б кожны кітаец выпіваў у дзень кубак малака, то ўсяго малака ў свеце не хапіла б. Вядома, для нас гэты рынак вельмі перспектыўны", - адзначыў прафесар.

Але ёсць і іншыя рынкі, якія могуць быць цікавыя Беларусі для атрымання прыбытку ад рэалізацыі прадуктаў харчавання, прадоўжыў Міхаіл Кавалёў. Так, напрыклад, Індыя купляе прадукты харчавання на $30 млрд, Малайзія - на $20 млрд. "Другі гіганцкі рынак па закупках прадуктаў харчавання - гэта арабскія краіны: Саудаўская Аравія - $25 млрд, Аб'яднаныя Арабскія Эміраты - прыкладна столькі ж, Егіпет - $15 млрд. Хоць Турцыя і экспартуе сваю сельскагаспадарчую прадукцыю, але ў той жа час шмат купляе ў свеце - прыкладна на $20 млрд. Акрамя таго, ёсць і закупкі ААН для галадаючага насельніцтва. Але там ёсць тэндары. Спадзяюся, з цягам часу мы навучымся іх выйграваць", - дадаў дэкан эканамічнага факультэта.

Як заўважыў дырэктар Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі Аляксандр Шпак, геаграфія знешняга гандлю Беларусі сельскагаспадарчай прадукцыяй і прадуктамі харчавання пастаянна пашыраецца. У 2016 годзе продаж ажыццяўляўся ў 82 краіны. Аднак асноўным рынкам збыту застаецца Расія. Удзельная вага трэціх краін пакуль нязначная: еўрапейскіх дзяржаў - каля 6 працэнтаў, краін Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Азіі, Афрыкі і Акіяніі - менш чым па 1 працэнту. Таму адной са стратэгічных мэт развіцця экспарту з'яўляецца яго дыверсіфікацыя.

З 2010 па 2016 год экспарт аграпрамысловых тавараў Беларусі павялічыўся ў 1,2 раза. Знешнегандлёвае сальда апошнія гады мае дадатнае значэнне. Яго максімальная велічыня была ў 2013 годзе - $1,6 млрд, калі кошт продажаў на замежныя рынкі дасягнуў $5,8 млрд. Беларусь у асноўным спецыялізуецца на экспарце прадукцыі жывёльнага паходжання: доля экспарту ў аб'ёмах вытворчасці па малакапрадуктах - больш за 50 працэнтаў, мясапрадуктах - каля 30 працэнтаў, у сукупнасці прадукцыя жывёлагадоўлі складае больш за 60 працэнтаў ад аб'ёму экспарту.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі