Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 верасня 2018, 14:23

Беларусь зацікаўлена ў супрацоўніцтве са структурамі Сусветнага эканамічнага форуму - Шчоткіна

25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена ў супрацоўніцтве са структурамі Сусветнага эканамічнага форуму. Аб гэтым заявіла намеснік старшыні Савета Рэспублікі Мар'яна Шчоткіна ў Нью-Ёрку ў час сустрэчы з прэзідэнтам Сусветнага эканамічнага форуму (СЭФ) Бёрге Брэндэ, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе верхняй палаты беларускага парламента.

Сустрэча адбылася на палях саміту па ўстойлівым развіцці, які праводзіць СЭФ. "Мар'яна Шчоткіна выказала ўдзячнасць арганізатарам за запрашэнне і падключэнне СЭФ да работы па пашырэнні Мэт устойлівага развіцця. Яна падкрэсліла зацікаўленасць беларускага боку ў развіцці ўзаемадзеяння з СЭФ у сферы дасягнення глабальных мэт і па іншых напрамках работы арганізацыі", - адзначылі ў прэс-службе.

Віцэ-спікер правяла яшчэ шэраг сустрэч, у тым ліку з кіраўніком Фонду сацыяльнага прадпрымальніцтва Шваба Хільдай Шваб. Намеснік старшыні Савета Рэспублікі абмеркавала з ёю арганізацыю прэміі "Сацыяльны прадпрымальнік года". Акрамя таго, Мар'яна Шчоткіна правяла перагаворы з членам выканаўчага савета СЭФ Тэры Таётай. "Акрэслена цікавасць Беларусі да правядзення сумесных даследаванняў па актуальных пытаннях эканамічнай палітыкі, па ўключэнні Беларусі ў Індэкс глабальнай канкурэнтаздольнасці СЭФ", - праінфармавалі ў прэс-службе Савета Рэспублікі.

У ходзе гутаркі з выканаўчым дырэктарам Міжнароднага гандлёвага цэнтра (МГЦ) Аранчай Гансалез віцэ-спікер адзначыла гатоўнасць Беларусі далучыцца да ініцыятывы цэнтра па павышэнні прадпрымальніцкай актыўнасці жанчын, у тым ліку з арыентацыяй на знешні гандаль. "МГЦ было прапанавана разгледзець магчымасць правядзення ў Беларусі навучальнага семінара для беларускіх жанчын-прадпрымальніц па карыстанні базамі даных і інфармацыйнымі рэсурсамі гэтай арганізацыі", - расказалі ў прэс-службе верхняй палаты парламента.

Саміт СЭФ па ўстойлівым развіцці праходзіць у Нью-Ёрку 24-25 верасня. Форум прымеркаваны да адкрыцця 73-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН. Беларусь запрошана на яго ўпершыню.

Мар'яна Шчоткіна прыняла ўдзел у сесіі саміту, прысвечанай стварэнню ўстойлівых рынкаў, у дыскусіі па пытаннях развіцця гендарнага парытэту. Акрамя таго, віцэ-спікер у час круглага стала прадставіла інфармацыю аб рабоце, якую праводзіць Беларусь па дасягненні МУР, у тым ліку па пытаннях гендарнай роўнасці.

Сусветны эканамічны форум (СЭФ) - гэта няўрадавая арганізацыя, якая аб'ядноўвае больш за 1 тыс. кампаній і карпарацый. Яе штаб-кватэра размешчана ў Жэневе (Швейцарыя). СЭФ выступае арганізатарам штогадовага эканамічнага форуму ў Давосе. Да ўдзелу ў ім запрашаюцца кіраўнікі дзяржаў, кіраўнікі вядучых карпарацый, вядомыя эканамічныя аналітыкі і журналісты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі