Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
08 лютага 2019, 11:07

Беларусь зацікаўлена прыцягнуць італьянскія кампаніі ў СЭЗ і "Вялікі камень" - Румас

8 лютага, Рым /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена прыцягнуць новыя італьянскія кампаніі ў свабодныя эканамічныя зоны і Кітайска-беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень". Аб гэтым заявіў 7 лютага журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас у ходзе рабочага візіту ў Італію, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Напярэдадні кіраўнік беларускага ўрада правёў сустрэчу з намеснікам старшыні Савета Міністраў Італіі, міністрам эканамічнага развіцця, працы і сацыяльнай палітыкі Луіджы Дзі Маё. За апошнія 10 гадоў гэта першая сустрэча на ўзроўні кіраўніцтва ўрадаў Беларусі і Італіі.

"Мы абмяркоўвалі не толькі вынікі сумеснага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, якое дэманструе на працягу некалькіх гадоў устойлівы рост, але і пераход да інвестыцыйнага супрацоўніцтва. У Беларусі паспяхова працуюць каля 260 італьянскіх кампаній. Для іх вылучана цэлая прамысловая акруга ў свабоднай эканамічнай зоне "Брэст". Там прысутнічае няшмат кампаній, але на гэта ёсць шэраг аб'ектыўных прычын. Мы ўчора абмяркоўвалі, як можна прыцягнуць туды новы італьянскі капітал, якія вытворчасці можна перанесці", - расказаў Сяргей Румас.

Прэм'ер-міністр звярнуў увагу, што для работы італьянскага бізнесу створаны добрыя ўмовы як у свабодных эканамічных зонах, так і ў Кітайска-беларускім індустрыяльным парку "Вялікі камень".

Кааліцыйны ўрад у Італіі сфарміраваны прыкладна 8 месяцаў таму, і, як адзначыў Сяргей Румас, яго мэты ў многім сугучныя з тым, над чым працуе беларускі ўрад. "Вялікая ўвага ўдзяляецца ўнутранаму парадку дня, новы ўрад вельмі ўважліва глядзіць на сітуацыю з рабочымі месцамі, сацыяльнай абаронай работнікаў - гэта якраз тыя напрамкі, якімі займаецца і беларускі ўрад", - растлумачыў ён.

Італія традыцыйна ўваходзіць у лік важных гандлёвых партнёраў Беларусі. Тавараабарот паміж краінамі ў 2018 годзе вырас у параўнанні з 2017-м на 15,2 працэнта да $912,7 млн. Найбольшую долю ў беларускім экспарце занялі калійныя ўгнаенні, металапрадукцыя, мэбля, лесаматэрыялы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі