Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 снежня 2017, 14:11

Беларусь зацікаўлена аднавіць тавараабарот у памеры $250 млн з Курскай вобласцю - Кабякоў

5 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь зацікаўлена аднавіць тавараабарот у памеры $250 млн з Курскай вобласцю Расіі, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на сустрэчы з губернатарам гэтага расійскага рэгіёна Аляксандрам Міхайлавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы вельмі разлічваем, што ваш візіт пасадзейнічае таму, што мы яшчэ хутчэй пачнём аднаўляць той аб'ём тавараабароту, які ў нас быў зусім нядаўна, - гэта чвэрць мільярда долараў. Дынаміка ў гэтым годзе добрая, але мы лічым, што ёсць яшчэ дадатковыя магчымасці, каб тавараабарот быў па меншай меры не ніжэйшы за дасягнуты раней максімум", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Перш за ўсё Беларусь разлічвае на павелічэнне экспарту ў Курскую вобласць прадукцыі машынабудавання. У бягучым годзе актывізаваліся пастаўкі ў расійскі рэгіён БелАЗаў, МАЗаў, трактароў МТЗ, камбайнаў "Гомсельмаш". Беларусь таксама гатова прапанаваць электробусы і тралейбусы з аўтаномным ходам. Пры гэтым могуць быць разгледжаны розныя варыянты фінансавай падтрымкі - лізінг, ільготнае крэдытаванне і інш.

Акрамя таго, ёсць зацікаўленасць у развіцці прамысловай кааперацыі. Так, курскае прадпрыемства Sovtest ATE прапрацоўвае сумесныя праекты з беларускім "Планарам". "Мы вельмі зацікаўлены, каб такая кааперацыя, тым больш высокатэхналагічная, развівалася", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Бакі таксама могуць пашыраць супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы і будаўніцтве. Беларускія спецыялісты ўжо маюць вопыт будаўніцтва жылля ў Курскай вобласці, а ў будучым яны могуць паўдзельнічаць у будаўніцтве двух энергаблокаў Курскай АЭС.

"Сфер для супрацоўніцтва вельмі шмат, перспектывы ў нас добрыя. Наша задача - рэалізаваць патэнцыял. Любыя прапановы гатовы вывучыць і рэалізаваць на ўзаемавыгаднай аснове", - рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.

Аляксандр Міхайлаў у сваю чаргу адзначыў, што сёння робіцца ўсё, каб агульнымі намаганнямі пераадолець спад ва ўзаемным гандлі і нарасціць тавараабарот з Беларуссю. Садзейнічаць гэтаму будзе актывізацыя супрацоўніцтва муніцыпальных утварэнняў з рэгіёнамі рэспублікі.

Тавараабарот Беларусі з Курскай вобласцю ў студзені - верасні 2017 года склаў $96,3 млн і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2016 года павялічыўся на 40,5 працэнта. Аснову беларускага экспарту склалі пастаўкі шын, калійных угнаенняў, сінтэтычных нітак, грузавых аўтамабіляў, абутку.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі