Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 чэрвеня 2018, 10:51

Беларусь у ліпені прадставіць Еўракамісіі прапановы па каардынацыі лічбавых праектаў EU4Digital

21 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь у ліпені прадставіць Еўракамісіі прапановы па каардынацыі лічбавых праектаў праграмы EU4Digital. Аб гэтым паведаміў міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі Сяргей Папкоў сёння ў час чарговага раўнда нефармальных міністэрскіх дыялогаў краін - удзельніц ініцыятывы ЕС "Усходняе партнёрства", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Большасць лічбавых тэхналогій маюць па азначэнні глабальны характар. Іх прымяненне найбольш эфектыўна, калі адбываецца адначасова не толькі ў рамках асобнага прадпрыемства, галіны або нават краіны, а як мінімум у групе краін. У сувязі з гэтым асаблівае значэнне набывае рэгіянальная лічбавая інтэграцыя, што развіваецца ў краінах "Усходняга партнёрства" на аснове ініцыятывы па гарманізацыі лічбавых рынкаў", - лічыць Сяргей Папкоў.

Прыярытэтныя напрамкі лічбавага супрацоўніцтва краін "Усходняга партнёрства" - інфраструктура і рэгуляванне ў галіне тэлекамунікацый, лічбавы давер і бяспека, электронны гандаль (які ўключае кампаненты электроннай камерцыі, мытні, электроннай лагістыкі і лічбавых транспартных калідораў), лічбавыя навыкі, ІКТ-інавацыі, электронная ахова здароўя. Для работы па гэтых напрамках былі створаны тэматычныя экспертныя сеткі EU4Digital, распрацаваны планы мерапрыемстваў і дарожных карт да 2020 года, уключаючы адпаведныя рашэнні саміту краін УП у 2017 годзе.

Пры гэтым у рабочых дакументах Еўракамісіі і рашэннях саміту УП вызначана, што гарманізацыя лічбавых рынкаў прызначана садзейнічаць устараненню існуючых перашкод і бар'ераў па прадастаўленні пан'еўрапейскіх лічбавых паслуг для грамадзян, дзяржорганаў і бізнесу. "Гэта павінна прывесці да больш эфектыўных і разнастайных паслуг з лепшымі цэнамі, а таксама садзейнічаць прыцягненню інвестыцый, стымуляваць гандаль і занятасць", - звярнуў увагу Сяргей Папкоў.

Для вырашэння гэтых задач у дакумент Еўракамісіі "20 вынікаў да 2020 года" ўключаны пілотныя праекты па стварэнні рэгіянальнага асяроддзя для крос-гранічных паслуг у галінах электроннага гандлю, лагістыкі, лічбавых транспартных калідораў, электроннай аховы здароўя.

Міністр лічыць, што для паспяховай імплементацыі такіх праектаў мэтазгодна выкарыстоўваць мадэлі дзяржаўна-прыватнага партнёрства, а таксама забяспечыць эфектыўнае кіраванне праграмай EU4Digital на аснове такіх мадэлей і прыцягнення экспертыз лічбавага бізнесу.

"Цяпер Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі з удзелам экспертаў супольнасці па гарманізацыі лічбавых рынкаў праводзіцца распрацоўка адпаведных прапаноў па каардынацыі шматбаковых праектаў праграмы EU4Digital. Беларусь мае намер прапанаваць іх на разгляд профільных дырэктаратаў Еўрапейскай камісіі, а таксама краін-партнёраў у ліпені бягучага года", - сказаў Сяргей Папкоў.

Нефармальныя міністэрскія дыялогі краін-удзельніц "Усходняга партнёрства" праводзяцца з 2012 года ў фармаце міністраў замежных спраў і кіраўнікоў галіновых ведамстваў (кожны раўнд мае індывідуальную галіновую тэму). У іх таксама ўдзельнічае кіраўніцтва ЕС. Асноўная мэта дыялогаў - нефармальны абмен думкамі па актуальных пытаннях развіцця УП і міжнароднага парадку дня. За ўвесь час адбылося 9 раўндаў такіх дыялогаў. Да гэтага Мінск быў месцам правядзення міністэрскай сустрэчы ў чэрвені 2015 года (галіновы сегмент - экалогія).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі