Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
10 мая 2018, 17:05

Беларусь разлічвае на павелічэнне партфеля праектаў Сусветнага банка ў краіне - Кабякоў

10 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разлічвае на павелічэнне ў краіне партфеля праектаў Сусветнага банка. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сёння на сустрэчы з прадстаўнікамі Савета выканаўчых дырэктараў Групы Сусветнага банка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дзеючы партфель складае восем інвестыцыйных пазык на агульную суму каля $800 млн. Мы высока ацэньваем дасягнуты ўзровень узаемадзеяння і разлічваем на павелічэнне дзеючага партфеля ў бліжэйшай перспектыве", - адзначыў Андрэй Кабякоў. Больш як за 25 гадоў сумеснага супрацоўніцтва Беларусі з Сусветным банкам рэалізаваны праекты на суму амаль $1,7 млрд.

У час сустрэчы'

"Сутнасць нашага партнёрства намнога глыбейшая, чым грошы для развіцця. Мы сумесна працуем над тым, каб інвестыцыі, фандуемыя рэсурсамі банка і Міжнароднай фінансавай карпарацыі, вырашалі сістэмныя задачы павышэння канкурэнтаздольнасці Беларусі", - падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Менавіта таму ў новай пяцігадовай рамачнай стратэгіі Групы Сусветнага банка сфарміраваны збалансаваны партфель праектаў, які адпавядае прыярытэтам эканамічнай палітыкі Беларусі.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, у Беларусі чакаюць, што рэалізацыя сумесных з Сусветным банкам праектаў унясе ўклад у рэалізацыю асноўных дзяржпраграм на сярэднетэрміновы перыяд, што дасць магчымасць стварыць аснову для доўгатэрміновага ўстойлівага росту эканомікі краіны.

Беларусь разам з Сусветным банкам у 2015 годзе распрацавала дарожную карту, якая пакладзена ў аснову праграмы работы ўрада, большасць яе палажэнняў выкананы і ўнеслі свой уклад у эканамічны рост у 2017 і бягучым годзе.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што ў Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванню дзелавой актыўнасці. У канцы мінулага года быў прыняты пакет заканадаўчых актаў у сферы лібералізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці і стварэння асноў для фарміравання лічбавай эканомікі.

"Мы спадзяёмся, што гэта надасць дадатковы імпульс для развіцця малога і сярэдняга бізнесу і прыватнага сектара ў Беларусі. І мы вельмі рады, што ў гэтым пытанні знаходзім падтрымку з боку Сусветнага банка", - сказаў кіраўнік беларускага ўрада. Праект СБ па пашырэнні доступу да фінансавання мікра-, малых і сярэдніх прадпрыемстваў у Беларусі стане дадатковай крыніцай фінансавання для развіцця суб'ектаў прадпрымальніцтва.

"Мы разглядаем малое і сярэдняе прадпрымальніцтва як адзін з моцных драйвераў эканамічнага росту і маем намер і ў далейшым умацоўваць інстытуты і стымуляваць інавацыі", - дадаў прэм'ер-міністр.

Андрэй Кабякоў таксама звярнуў увагу на магчымасці Парка высокіх тэхналогій і Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень". "Лічу, што і МФК як інстытут крэдытавання прыватнага бізнесу зможа знайсці прывабныя напрамкі работы ў гэтых парках, значна павялічыўшы свой партфель ў Беларусі", - рэзюмаваў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі