Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
02 сакавіка 2017, 15:02

Беларусь разглядае Грузію як важнага і перспектыўнага партнёра ў Закаўказзі - Кабякоў

2 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь разглядае Грузію як важнага і перспектыўнага партнёра ў Закаўказзі. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў сёння на перагаворах з Прэзідэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі ў пашыраным складзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Беларусь разглядае Грузію ў якасці важнага і перспектыўнага партнёра ў Закаўказзі. Мы хочам падзякаваць вам за ўвагу, што ўдзяляецца развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Беларуссю", - адзначыў Андрэй Кабякоў.

Беларусь і Грузія актыўна развіваюць супрацоўніцтва, пацвярджэнне гэтага - інтэнсіўны абмен візітамі на вышэйшых і высокіх узроўнях за апошнія два гады і дамоўленасці, дасягнутыя ў самых розных сферах. Узровень адносін паміж краінамі дае магчымасць забяспечыць рост па ключавых напрамках узаемадзеяння: прамысловасць, сельская гаспадарка, нафтахімія, фармацэўтыка, гуманітарнае супрацоўніцтва. "На жаль, у беларускіх брэндаў: МТЗ, "Магілёўліфтмаша", МАЗа, якія выходзяць на рынак вашай краіны, шмат часу і сіл траціцца на пошук надзейнага і зацікаўленага партнёра. Таму для нас важны вашы рэкамендацыі, будзем за гэта вам удзячны. У сваю чаргу запрашаем грузінскі бізнес у Беларусь", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, вынікі 2016 года паказваюць, што краіны паступальна рухаюцца да выканання пастаўленай у 2015 годзе кіраўнікамі Беларусі і Грузіі задачы па дасягненні тавараабароту ў аб'ёме не менш як $200 млн. Па выніках мінулага года аб'ём узаемнага гандлю склаў звыш $73 млн, павялічыўшыся на 63 працэнты. "Гэта з'яўляецца рэкордам за апошнія пяць гадоў", - заўважыў кіраўнік беларускага ўрада.

Аснову беларускага экспарту склала высокатэхналагічная прадукцыя - гэта, перш за ўсё, паязды Stadler, грузавая і сельскагаспадарчая тэхніка, нафтахімічная і фармацэўтычная прадукцыя. "Сумесная рэалізацыя буйных праектаў - гэта добрая магчымасць умацавання нашага партнёрства. Удзел Беларусі ў мадэрнізацыі ліфтавага абсталявання ў жылым фондзе Тбілісі і іншых буйных грузінскіх гарадах выгадны для абедзвюх краін", - сказаў Андрэй Кабякоў. "Магілёўліфтмаш" гатовы рэалізаваць пілотны праект па мадэрнізацыі ліфтаў і ў далейшым распаўсюдзіць гэту практыку па ўсёй Грузіі.

Новым перспектыўным напрамкам можа стаць узаемадзеянне ў сферы будаўніцтва спартыўных і сацыяльных аб'ектаў. У бліжэйшы час у Грузіі плануецца ўзвядзенне лядовай арэны, біятлоннага стадыёна, цэнтра скачкоў з трампліна алімпійскага стандарту. Беларускія праектныя і будаўнічыя арганізацыі гатовы рэалізаваць гэтыя праекты "пад ключ", калі ў гэтым будзе зацікаўленасць грузінскага боку.

Грузію цікавіць беларускі вопыт у сферы генеральнага планавання гарадскога і рэгіянальнага развіцця, арганізацыі руху грамадскага транспарту, работы камунальных службаў. Пад гэтыя і іншыя праекты Беларусь гатова забяспечыць пастаўкі ўсёй неабходнай тэхнікі і абсталявання. Андрэй Кабякоў лічыць, што ў Беларусі і Грузіі ёсць значны патэнцыял у выкарыстанні інфраструктуры тэхнапаркаў для пашырэння сумесных навуковых праектаў, развіцця інавацыйнага прадпрымальніцтва і падрыхтоўкі IT-спецыялістаў.

На думку прэм'ер-міністра, Беларусь і Грузія павінны пашыраць наменклатуру ўзаемных паставак. "Мы будзем вельмі рады магчымасці пастаўкі большай наменклатуры, большай колькасці прадукцыі. І мы зацікаўлены ў прадукцыі нашых грузінскіх партнёраў, многае з таго, што вы вырабляеце, немагчыма вырабляць у нас з-за кліматычных умоў. Будзем рады, калі мы намецім сумесныя планы не толькі па простым тавараабмене, але і па ўзаемных інвестыцыях - мы гатовы да абмеркавання і гэтых пытанняў", - дадаў Андрэй Кабякоў.

"Мы рады вашаму візіту - гэта дадатковы імпульс для ўрадаў, каб мы яшчэ больш актыўна выконвалі даручэнне прэзідэнтаў нашых краін і не спыняліся на тавараабароце нават $200 млн", - рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі