Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
27 красавіка 2016, 10:09

Беларусь прыме меры па пашырэнні экспарту на рынкі краін Еўрасаюза і далёкай дугі

27 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі прымуць меры па пашырэнні экспарту на рынкі краін Еўрасаюза і далёкай дугі. Аб гэтым гаворыцца ў плане мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы нумар 3, які зацверджаны пастановай Савета Міністраў нумар 336 ад 25 красавіка і апублікаваны на сайце беларускага ўрада, паведамляе БЕЛТА.

"Будуць прыняты меры па пашырэнні экспарту на рынак Еўрапейскага саюза, у тым ліку за кошт прадукцыі, вырабленай на мадэрнізаваных вытворчасцях і сумесных прадпрыемствах. Прадугледжана пашырэнне ўдзелу Беларусі ў мерапрыемствах у краінах далёкай дугі, у тым ліку ў дзяржавах, у якіх адсутнічаюць беларускія дыпламатычныя прадстаўніцтвы і консульскія ўстановы", - адзначаецца ў дакуменце.

Ва ўзаемадзеянні з дзяржавамі - членамі Еўразійскага эканамічнага саюза плануецца падрыхтаваць сумесныя меры па развіцці экспарту тавараў.

Першы раздзел плана ў цэлым прадугледжвае рэалізацыю мерапрыемстваў па забеспячэнні планамернай дыверсіфікацыі экспарту. У прыватнасці, будзе распрацаваны комплекс мер па павышэнні якасці экспартна арыентаванай прадукцыі ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі сусветнага рынку і зніжэнні сабекошту прадукцыі, што дасць магчымасць забяспечыць канкурэнтаздольныя экспартныя цэны і павысіць эканамічную эфектыўнасць экспартных здзелак.

Прадугледжана таксама ўмацаванне і пашырэнне тавараправоднай сеткі беларускіх вытворцаў на тэрыторыі Расіі з мэтай захавання і нарошчвання рыначнай долі ў сегментах, у якіх дасягаецца максімальная эканамічная эфектыўнасць продажаў. "Плануецца павелічэнне паставак беларускай прадукцыі ў рэгіёны Сібіры, Далёкага Усходу, Паўднёвы і Паўночна-Каўказскі федэральныя акругі Расіі", - тлумачыцца ў дакуменце.

У дакуменце сказана і аб задачы па павелічэнні долі навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі ў агульным аб'ёме экспарту, наладжванні супрацоўніцтва паміж беларускімі вытворцамі і транснацыянальнымі карпарацыямі з прыцягненнем прамых замежных інвестыцый.

"У планах таксама выкарыстанне ініцыятывы эканамічнага пояса Шаўковага шляху для мадэрнізацыі, пашырэння транспартна-лагістычнай сістэмы і вытворчасці новых экспартна арыентаваных тавараў", - адзначаецца на сайце ўрада.

Для стварэння прадуктаў несыравіннага экспарту прадугледжана выкарыстанне магчымасцей Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка "Вялікі камень", Парка высокіх тэхналогій, Нацыянальнага навукова-тэхналагічнага парка "БелБіяград". Агаворваюцца планы па пашырэнні прымянення схем міжнароднага лізінгу ў ААТ "Прамагралізінг" і яго даччыных структурах.

Запланаваны меры па падтрымцы знешнеэканамічнай дзейнасці суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва.

Савет Міністраў пастановай нумар 336 зацвердзіў план мерапрыемстваў па рэалізацыі Дырэктывы нумар 3 ад 14 чэрвеня 2007 года "Аб прыярытэтных напрамках умацавання эканамічнай бяспекі дзяржавы", зацверджанай у новай рэдакцыі указам нумар 26 ад 26 студзеня 2016 года. Усяго ў план уключаны 111 пунктаў па чатырох раздзелах.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі