Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
11 ліпеня 2019, 17:01

Беларусь пры ўступленні ў СГА гатова да пошуку кампрамісаў без шкоды для нацыянальных інтарэсаў - Турчын

11 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь пры ўступленні ў Сусветную гандлёвую арганізацыю гатова да пошуку кампрамісаў, якія не супярэчаць нацыянальным інтарэсам краіны. Аб гэтым паведаміў першы намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандр Турчын на 12-м пасяджэнні рабочай групы СГА па далучэнні Беларусі, якое прайшло сёння ў Жэневе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.

Аляксандр Турчын інфармаваў удзельнікаў пасяджэння аб развіцці беларускай эканомікі, руху наперад на шляху ўступлення ў СГА і выніках, дасягнутых пасля папярэдняга пасяджэння рабочай групы ў лютым 2019 года. Першы віцэ-прэм'ер заклікаў краіны СГА падтрымаць намаганні Беларусі па больш хуткім афармленні членства ў СГА, якое магло б адбыцца ў час 12-й міністэрскай канферэнцыі СГА ў чэрвені 2020 года.

У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі больш як 50 краін - членаў СГА. Прадстаўнікі ЗША, ЕС, Расіі, Казахстана, Арменіі, Кыргызстана, Украіны, Індыі, Кітая, Аргенціны, Аўстраліі, Бразіліі, В'етнама, Канады, Турцыі, Швейцарыі, Японіі, Карэі, Коста-Рыкі, Кубы, Эквадора, Сальвадора, Грузіі і іншых краін у сваіх выступленнях падтрымалі захады, якія робяцца ўрадам Беларусі па далучэнні да СГА, і выказалі гатоўнасць да актыўнай работы з Беларуссю ў 2019 годзе для хутчэйшага завяршэння перагаворнага працэсу.

На пасяджэнні абмяркоўваўся праект даклада рабочай групы. Беларуская дэлегацыя прадаставіла адказы на ўсе пытанні. Пасля атрымання пісьмовых пытанняў ад членаў СГА беларускі бок падрыхтуе новую рэдакцыю праекта даклада рабочай групы. Яна будзе разгледжана на чарговым пасяджэнні рабочай групы арыенціровачна ў канцы 2019 года.

У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі міністр эканомікі Дзмітрый Крутой, міністр фінансаў Максім Ермаловіч, міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч, першы намеснік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка, а таксама прадстаўнікі Мінсельгасхарча, Нацыянальнага банка, Мінюста, Міністэрства аховы здароўя, Мінсувязі, Мінпрама, ДМК, Дзяржстандарту, "Белдзяржхарчпрама", "Беллегпрама", Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці і пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі ў Жэневе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі