30 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь плануе ў 2018 годзе нарасціць пастаўкі сельгаспрадукцыі ў краіны СНД, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў.
"У гэтым годзе мы будзем рабіць асаблівы ўпор на супрацоўніцтва з краінамі - членамі СНД - павялічваць аб'ём паставак, пашыраць таварны асартымент, а таксама працаваць над уваходжаннем у буйныя гандлёвыя сеткі", - падкрэсліў ён.
Аляксей Багданаў адзначыў, што вялікая частка работы праведзена ўжо ў мінулыя гады: адпрацаваны лагістыка і маркетынг, сфарміравана дагаворная база, вывераны асартымент пастаўляемага тавару. "Беларускія тавары запатрабаваны на рынках краін СНД, адзначаецца высокі спажывецкі попыт і ўзровень даверу да беларускай якасці. Напрыклад, на апошнім пасяджэнні беларуска-таджыкскай міжурадавай камісіі міністр сельскай гаспадаркі Таджыкістана заявіў аб жаданні нарасціць аб'ём закупляемых прадуктаў харчавання з нашай краіны", - сказаў ён.
Начальнік галоўнага ўпралення ЗЭД расказаў, што такія дамоўленасці ёсць і з Малдовай, дэлегацыя якой знаходзіцца цяпер у Мінску. "Гэта краіна зацікаўлена ў закупцы прадуктаў харчавання з Беларусі і за мінулы год імпартавала прадуктаў харчавання на суму большую за $4,7 млн, што на 16 працэнтаў вышэй за ўзровень 2016 года. Таксама мы абмяркоўваем праект будаўніцтва па беларускіх тэхналогіях у Малдове малочнатаварнага комплексу, плануем супрацоўнічаць у такіх сферах, як раслінаводства і племянная жывёлагадоўля", - заявіў ён.
Аляксей Багданаў расказаў і аб развіцці супрацоўніцтва з Грузіяй. "Хоць Грузія і не з'яўляецца членам СНД, але таксама знаходзіцца ў прыярытэце напрамкаў па пашырэнні гандлёвых адносін. У гэту краіну ў мінулым годзе мы паставілі прадукцыі на $8,6 млн, экспарт вырас у 2,9 раза, працуе 14 гандлёвых аб'ектаў - магазінаў крокавай даступнасці, дзе ў шырокім асартыменце прадстаўлены беларускія тавары. У час апошняга візіту ў гэту краіну мы зрабілі акцэнт на ўваходжанні ў буйныя гандлёвыя сеткі", - растлумачыў ён.
Па выніках 2018 года экспарт беларускай сельгаспрадукцыі плануецца павялічыць на 7,1 працэнта.
У 2017 годзе пастаўкі беларускай сельгаспрадукцыі ажыццяўляліся ў 70 краін свету. За мінулы год экспарт прадуктаў харчавання вырас ва ўсе краіны СНД. Напрыклад, у Азербайджан у 1,8 раза ($10,6 млн), Таджыкістан - у 3,7 раза ($0,7 млн), Узбекістан - у 2,7 раза ($4 млн).-0-