Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 снежня 2017, 10:31

Беларусь пасля запуску АЭС гатова экспартаваць электраэнергію ў Польшчу і Украіну

26 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь пасля запуску АЭС гатова экспартаваць электраэнергію ў Польшчу і Украіну, паведаміў міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык 24 снежня ў праграме "Галоўны эфір" на тэлеканале "Беларусь 1", паведамляе БЕЛТА.

Уладзімір Патупчык лічыць, што пасля ўводу БелАЭС эканамічная мэтазгоднасць ўсё расставіць на свае месцы і Літве будзе выгадна купляць гэту электраэнергію па рыначных цэнах. Сёння беларуская электраэнергія абсалютна канкурэнтаздольная, лічыць ён. "Мы разлічваем на актывізацыю нашай работы з польскім бокам, мы гатовы працаваць з Украінай", - дадаў міністр.

Акрамя таго, Беларусь разлічвае пастаўляць электраэнергію на агульны электраэнергетычны рынак Еўразійскага эканамічнага саюза.

Уладзімір Патупчык нагадаў, што пасля запуску АЭС беларуская энергасістэма знізіць спажыванне газу практычна ўдвая. "Увод атамнай станцыі дасць магчымасць нам замясціць выпрацоўку электраэнергіі на газе ў аб'ёме 5 млрд куб.м. Сёння беларуская энергасістэма ў цэлым спажывае каля 11 млрд кВт.гадз электраэнергіі. Гэта значыць практычна палавіну выкарыстоўваемага газу мы будзем эканоміць за кошт выпрацоўкі электраэнергіі на атамнай станцыі", - растлумачыў міністр.

Што датычыцца тарыфу на электраэнергію пасля ўводу АЭС, то Уладзімір Патупчык пацвердзіў, што пакуль энергетыкі прытрымліваюцца зробленых раней разлікаў - 7,25 цэнтаў за 1 кВт.гадз. "Гэта той арыенцір, да якога мы імкнёмся", - адзначыў ён.

Цяпер узровень кампенсацыі насельніцтвам затрат на аказанне паслуг па электразабеспячэнні складае 85 працэнтаў, па цеплазабеспячэнні - 18 працэнтаў, для газу гэта лічба - 40 працэнтаў. У 2018 годзе будзе забяспечана стапрацэнтная кампенсацыя насельніцтвам тарыфаў на электраэнергію. "Што датычыцца тарыфаў на цеплавую энергію, мы будзем паслядоўна рухацца, каб выйсці на стапрацэнтную кампенсацыю", - нагадаў Уладзімір Патупчык.

Беларуская АЭС будуецца па тыпавым расійскім праекце АЭС-2006 новага пакалення "3+" паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць). Першы энергаблок плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ў 2019 годзе, другі - у 2020-м.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі