Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 студзеня 2018, 19:54

Беларусь на "Зялёным тыдні" ў Берліне абмяркоўвае перспектывы развіцця сувязей з замежнымі аграрыямі

19 студзеня, Мінск /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларуская дэлегацыя на чале з намеснікам міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігарам Брыло з 18 па 21 студзеня па запрашэнні федэральнага міністра харчавання і сельскай гаспадаркі ФРГ Крысціяна Шміта прымае ўдзел у мерапрыемствах міжнароднай сельскагаспадарчай выстаўкі "Зялёны тыдзень - 2018" у Берліне. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МЗС.

"Зялёны тыдзень" - буйнейшы сусветны форум у галіне сельскай гаспадаркі і харчавання. На плошчы 125 тыс. кв.м сваю прадукцыю і паслугі прадстаўляюць каля 1,6 тыс. экспанентаў з Германіі і больш як з 70 краін свету. Чакаецца, што выстаўку наведаюць больш за 400 тыс. чалавек.

Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у афіцыйнай цырымоніі адкрыцця "Зялёнага тыдня", а таксама правялі двухбаковыя сустрэчы. У прыватнасці, адбылася гутарка Ігара Брыло з Крысціянам Шмітам, на якой бакі абмеркавалі перспектывы далейшага супрацоўніцтва, у тым ліку па забеспячэнні харчовай і ветэрынарнай бяспекі. Кіраўнік беларускай дэлегацыі таксама запрасіў кіраўніка сельскагаспадарчага ведамства ФРГ наведаць нашу краіну і прыняць удзел у штогадовай міжнароднай выстаўцы "Белагра".

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі сустрэўся з кіраўніцтвам міністэрстваў сельскай гаспадаркі Балгарыі, Грузіі, а таксама еўракамісарам па ахове здароўя і бяспецы харчавання Віцянісам Андрукайцісам. На сустрэчах былі дэталёва абмеркаваны пытанні двухбаковага і рэгіянальнага супрацоўніцтва ў сельскагаспадарчай сферы.

На палях мерапрыемства з Федэральным міністэрствам харчавання і сельскай гаспадаркі ФРГ падпісаны пратакол аб стажыроўках у Германіі студэнтаў беларускіх аграрных ВНУ.

Акрамя таго, запланавана выступленне кіраўніка беларускай дэлегацыі на 10-й Берлінскай канферэнцыі міністраў сельскай гаспадаркі, прысвечанай развіццю ўстойлівай і эфектыўнай жывёлагадоўлі будучага. Ігар Брыло прадставіць падыходы Беларусі да развіцця гэтага сектара сельскай гаспадаркі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі