24 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Украіна разлічваюць павялічыць тавараабарот удвая за 2 гады. Аб гэтым заявіў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка ў эфіры праграмы "Контуры" на тэлеканале АНТ, паведамляе БЕЛТА.
"Цяпер пачынае ажываць эканоміка, сусветны крызіс закончыўся, нашы дзяржавы выйшлі з рэцэсіі. Патэнцыял вялікі, і грэх не скарыстацца гэтым патэнцыялам. Думаю, што ў 2019 годзе мы павінны выйсці на $8 млрд тавараабароту", - сказаў Уладзімір Сямашка. Ён падкрэсліў, што эканомікі дзвюх краін у многім узаемадапаўняльныя.
Уладзімір Сямашка таксама адзначыў важнасць ініцыятывы па правядзенні форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны. "Трэба актывізаваць адносіны паміж рэгіёнамі. Ва Украіне адбылося пераразмеркаванне фінансавых патокаў паміж цэнтрам, Кіевам і абласцямі. 60 працэнтаў фінансаў застаецца ў абласцях. Як вынік, сёння на дэпазітах у губернатараў 55 млрд грыўняў. Гэта больш за $2 млрд", - расказаў віцэ-прэм'ер. Паводле яго слоў, Беларусь пастаўляе ўжо ва Украіну тэхніку: выйграны тэндар на пастаўку 100 аўтобусаў у Кіеў, 47 аўтобусаў у Адэсу, абмяркоўваюцца пастаўкі ў іншыя гарады. "У рэгіёнах з'явіліся грошы, мы павінны быць больш актыўнымі", - сказаў ён.-0-