Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
13 лістапада 2018, 18:08

Беларусь і Турцыя павінны развіваць прамкааперацыю і ўзаемнае інвесціраванне - Румас

13 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуска-турэцкія эканамічныя адносіны могуць выйсці на якасна новы ўзровень, звязаны з пераходам ад простага гандлю таварамі да прамысловай кааперацыі, узаемнага інвесціравання, сумесных навукова-тэхнічных праграм. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на сустрэчы са старшынёй Вялікага нацыянальнага сходу Турцыі Біналі Йылдырымам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дабіцца гэтай мэты магчыма за кошт складання нашых канкурэнтных пераваг, рэалізацыі сумесных праектаў у машынабудаўнічай, хімічнай, тэкстыльнай, фінансавай, транспартна-лагістычнай і іншых галінах", - лічыць Сяргей Румас.

"Мы маем выдатную дынаміку ва ўзаемным гандлі - за апошнія 10 гадоў тавараабарот павялічыўся больш як у 5 разоў. Чакаем, што па выніках гэтага года таварабарот Беларусі і Турцыі ўпершыню перасягне $1 млрд", - адзначыў ён.

Урад Беларусі разлічвае, што перспектыўныя эканамічныя праекты будуць разглядацца на чарговым пасяджэнні беларуска-турэцкай міжурадавай камісіі, што пройдзе ў пачатку наступнага года. "Мы будзем сур'ёзна рыхтавацца і разглядаем пасяджэнне як вельмі важны крок для фарміравання эканамічнага парадку дня афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Турцыю", - дадаў прэм'ер-міністр.

"Мы нязменна разглядаем Турцыю ў якасці надзейнага сябра, перспектыўнага партнёра на міжнароднай арэне, а таксама апорнай пляцоўкі для нарошчвання беларускай эканамічнай прысутнасці ў рэгіёне Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Беларусь у сваю чаргу мае ўсе ўмовы, каб стаць для турэцкіх кампаній надзейным плацдармам па размяшчэнні лагістычных цэнтраў і вытворчых кампаній, арыентаваных на рынкі ЕАЭС і СНД", - сказаў Сяргей Румас.

Біналі Йылдырым падкрэсліў, што Вялікі нацыянальны сход прыкладзе ўсе намаганні для ўмацавання адносін паміж Беларуссю і Турцыяй. "Маючы адбыцца візіт Прэзідэнта Беларусі ў Турцыю будзе мець вялікае значэнне і адкрые новую старонку ў нашых адносінах", - упэўнены ён.

Тавараабарот Беларусі і Турцыі ў студзені-верасні 2018 года вырас на 13 працэнтаў у параўнанні з аналагічным перыядам 2017 да $755,6 млн. Асноўныя пазіцыі беларускага экспарту ў Турцыю - калійныя ўгнаенні, акрыланітрыл, сінтэтычныя валокны і ніці, стальныя паўфабрыкаты і валокны, ільняныя тканіны, сметанковае масла, сухое малако. З турэцкімі партнёрамі вядзецца работа па стварэнні зборачных вытворчасцей камбайнаў "Гомсельмаш", будаўнічай і спецыяльнай тэхнікі "Амкадор", а таксама па пастаўках на турэцкі рынак тэхнікі БелАЗ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі