Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
09 кастрычніка 2019, 12:48

Беларусь і Туркменістан могуць знайсці кампраміс адносна праекта Гарлыкскага ГАКа

9 кастрычніка, Ашхабад /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Беларусь і Туркменістан могуць знайсці кампраміс па праблемных пытаннях, што ўзніклі ў час рэалізацыі праекта будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Аб гэтым сёння ў Ашхабадзе расказаў журналістам пасол Беларусі ў Туркменістане Вячаслаў Бяскосты, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Пасол адзначыў, што якраз сёння адбылася цырымонія ўручэння даверчых грамат і яго сустрэча з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым. "Гатоўнасць туркменскіх калег я бачу. Яны гэта адкрыта дэманструюць. Сёння на сустрэчы Гурбангулы Бердымухамедаў пацвердзіў, што туркменскі бок гатовы да кампрамісу", - заявіў дыпламат.

Вячаслаў Бяскосты адзначыў, што 10 кастрычніка ў Ашхабад прыбывае беларуская дэлегацыя, у складзе якой будуць намеснік прэм'ер-міністра Ігар Ляшэнка, які з'яўляецца сустаршынёй міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, а таксама гендырэктары "Беларуськалія" і асноўнага падрадчыка - "Белгархімпрама". "Я так разумею, што беларускі бок едзе з пакетам прапаноў па развіцці гэтага праекта", - сказаў ён.

Дыпламат таксама не выключыў, што адпаведнае пытанне будзе абмяркоўвацца і на вышэйшым узроўні з удзелам кіраўніка беларускай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, які 10-11 кастрычніка наведае Туркменістан для ўдзелу ў пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД.

"Мы ўмовіліся з туркменскім бокам, што ні ў якім разе тая сітуацыя, якая цяпер склалася з Гарлыкскім ГАКам, не павінна любым негатыўным чынам уплываць на ўсе іншыя напрамкі супрацоўніцтва, а такіх напрамкаў шмат", - падкрэсліў пасол.

Вячаслаў Бяскосты не ўдакладніў, аб чым менавіта могуць дамовіцца Беларусь і Туркменістан адносна Гарлыкскага ГАКа. "Па выніках кантактаў будуць выпрацаваны ўзаемапрымальныя рашэнні, у якім напрамку ўрадам нашых краін рухацца, каб прасунуць гэты праект. Канчатковая мэта - вывесці яго на нармальную работу", - сказаў дыпламат.

Пасол растлумачыў, што сутнасць канфлікту вельмі шматгранная. "У любым канфлікце няма аднаго боку, які нясе цалкам віну або адказнасць. Гэты праект не выключэнне. Думаю, тут ёсць доля віны кожнага з бакоў, - сказаў ён. - Наш падыход і наша бачанне гэтай сітуацыі заключаецца ў тым, што туркменскі бок на нейкім этапе спыніў фінансаванне работ па завяршэнні будаўніцтва ГАКа. Адпаведна, нашы спецыялісты былі вымушаны прыняць рашэнне аб прыпыненні будаўнічых і наладачных работ. Таму склалася такая сітуацыя, з'явіліся ўзаемныя прэтэнзіі, бакі адзін на аднаго падалі ў міжнародны арбітраж Гандлёвай палаты Стакгольма".

Вячаслаў Бяскосты нагадаў, што Прэзідэнт Беларусі паставіў задачу вырашыць з туркменскім бокам праблемныя пытанні наконт буданіцтва ГАКа, улічваючы гістарычна дружалюбны характар адносін дзвюх краін. "Ён адзначыў, што гэта нядобра, калі дзве краіны, якія звязвае шматгадовая дружба, пачынаюць нейкія разборкі. Туркменскі бок дэманструе такі падыход. І сёння я асабіста пачуў з вуснаў Прэзідэнта Гурбангулы Бердымухамедава, што яны таксама гатовы выходзіць на ўзаемапрымальныя рашэнні", - дадаў дыпламат.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі