Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 красавіка 2017, 14:19

Беларусь і Сербія будуць умацоўваць эканамічнае супрацоўніцтва - Краўчанка

19 красавіка, Бялград /Аліна Грышкевіч - БЕЛТА/. Беларусь і Сербія ва ўмовах жорсткай сусветнай канкурэнцыі будуць умацоўваць эканамічнае супрацоўніцтва. Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка сёння ў Бялградзе на пасяджэнні міжурадавай беларуска-сербскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дружалюбныя і правераныя часам сувязі паміж беларускім і сербскім народамі сталі надзейнай асновай, на якой грунтуецца наша супрацоўніцтва, - адзначыў намеснік міністра. - Беларуская дыпламатыя надае вялікае значэнне далейшаму развіццю шэрага сумесных кааперацыйных праектаў у сферы прамысловасці і сельскай гаспадаркі, пошуку новых кропак росту тавараабароту. Каб захаваць і прымножыць тэмпы ў сучасных жорсткіх умовах канкурэнцыі і, часам, націску звонку, не звязанага з рыначнымі адносінамі, мы павінны актывізаваць пошук агульных інтарэсаў і развіццё сувязей у тых галінах, дзе гэта выгадна як Беларусі, так і Сербіі".

Паводле слоў Алега Краўчанкі, магутным імпульсам росту ўзаемнага тавараабароту з'яўляецца пагадненне аб свабодным гандлі паміж Беларуссю і Сербіяй. Пры падтрымцы сербскага бізнесу ўмацоўваюць свае пазіцыі беларускія трактары, грузавыя аўтамабілі, аўтобусы, тралейбусы. "Пры падтрымцы дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Сербіі мы зробім усё магчымае для максімальна поўнай рэалізацыі эканамічнага патэнцыялу двухбаковага супрацоўніцтва. Бізнесмены любога ўзроўню, якія жадаюць супрацоўнічаць з Беларуссю, заўсёды атрымаюць неабходную інфармацыю і падтрымку", - запэўніў намеснік міністра.

Прынцыпова новыя магчымасці для вываду двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва на яшчэ больш высокі ўзровень адкрываюцца ў рамках ЕАЭС. "Беларусь з'яўляецца самым заходнім удзельнікам гэтага эканамічнага ўтварэння, мае працяглую агульную граніцу з ЕС, валодае развітой інфраструктурай, высокаадукаванымі працоўнымі рэсурсамі і ўяўляе сабой ідэальную пляцоўку для выхаду на рынак ЕАЭС. Гэта рынак з насельніцтвам больш за 180 млн. Агульны рынак Еўразійскага эканамічнага саюза і рэжым свабоднага гандлю паміж нашымі краінамі значна павышае перспектывы развіцця эканамічных адносін", - сказаў Алег Краўчанка.

Ён таксама адзначыў, што ў мінулым годзе ў Бялградзе з беларускім удзелам пачаты кансультацыі экспертаў Еўразійскай эканамічнай камісіі з прадстаўнікамі зацікаўленых органаў дзяржкіравання Сербіі па ўніфікацыі ЕАЭС і яго дзяржавамі гандлёвага рэжыму з Рэспублікай Сербія.

Па выніках студзеня-лютага 2017 года тавараабарот паміж Беларуссю і Сербіяй склаў $23,8 млн, што на 62,2 працэнта больш у параўнанні з адпаведным перыядам 2016 года. Аб'ём беларускага экспарту ў Сербію павялічыўся на 42,5 працэнта і склаў $10,9 млн. Імпарт з Сербіі вырас на 83,8 працэнта да $12,9 млн.

"Улічваючы ўзаемадапаўняльнасць нашых эканомік, гэта лічба ўсё яшчэ малая ў параўнанні з існуючым патэнцыялам, - перакананы намеснік міністра. - Прэзідэнтамі нашых дзяржаў ініцыіравана, а ўрадамі і рэгіёнамі актыўна падтрымліваецца ідэя развіцця доўгатэрміновага супрацоўніцтва ў рамках вытворчай кааперацыі і гандлю". Алег Краўчанка выказаў упэўненасць, што сумесныя намаганні забяспечаць дадатную дынаміку развіцця гандлёва-эканамічных адносін, а пасяджэнне камісіі будзе спрыяць умацаванню асновы для далейшай інтэграцыі і ўзаемадапаўняльнасці эканомік, паслужыць развіццю супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай сферы паміж Беларуссю і Сербіяй.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі