Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 мая 2017, 17:04

Беларусь і Разанская вобласць у І квартале павялічылі тавараабарот больш як на 40 працэнтаў

23 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Разанская вобласць Расіі ў І квартале павялічылі тавараабарот больш як на 40 працэнтаў у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам, паведамілі БЕЛТА ў канцэрне "Белдзяржхарчпрам" па выніках пасяджэння сумеснай рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Разанскай вобласці.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Аляксандр Забела адзначыў, што за кароткі перыяд актыўнага ўзаемадзеяння ўдалося дасягнуць адчувальных вынікаў. Нягледзячы на скарачэнне тавараабароту ў 2015 годзе па шэрагу аб'ектыўных прычын, у 2016 годзе тавараабарот павялічыўся на 12,4 працэнта. За І квартал бягучага года забяспечаны рост на 40,1 працэнта.

У Разанскай вобласці функцыянуе шырокая дылерская сетка беларускіх прадпрыемстваў. Так, ТАА "РазаньМАЗсэрвіс" (ААТ "МАЗ") займаецца продажам грузавой тэхнікі МАЗ, гарантыйным і сэрвісным абслугоўваннем. ТАА "Старажылавааграснаб" (ААТ "МТЗ", ААТ "Амкадор", ААТ "Гомсельмаш") рэалізуе і абслугоўвае трактарную, збожжаўборачную і дарожна-будаўнічую тэхніку. ЗАТ "ТЦ імя Д.Гармаш" (ААТ "МТЗ") прадае трактары і навясное абсталяванне да іх. Дылер ТАА "Вертыкаль" (ААТ "Магілёўліфтмаш") пастаўляе ліфтавае абсталяванне.

Прадстаўлена і гандлёва-фірменная сетка вядучых беларускіх вытворцаў: 7 магазінаў СП ЗАТ "Мілавіца", 4 магазіны СТАА "Белвест", 3 магазіны ААТ "Галантэя".

Аснову паставак з Беларусі ў Разанскую вобласць складаюць харчовыя прадукты. У вялікім аб'ёме пастаўляюцца і прадукты нафтаперапрацоўкі, мэбля, тэхніка і камплектуючыя.

Разанская вобласць у сваю чаргу пастаўляе на наш рынак шкло, адходы і лом чорных металаў, марожаную рыбу, апрацаваную скуру і іншае.

Удзельнікі пасяджэння адзначылі вялікі патэнцыял у двухбаковым развіцці знешнегандлёвых адносін. У прыватнасці, на беларускім рынку зусім не прадстаўлены прадукты харчавання разанскіх вытворцаў. Абодва бакі зацікаўлены актыўна ўзаемадзейнічаць у галіне племянной жывёлагадоўлі, селекцыі сельскагаспадарчых культур. Патрабуе развіцця супрацоўніцтва паміж падраднымі і праектнымі арганізацыямі.

Канкрэтныя інтарэсы на беларускім рынку маюць прадстаўнікі бізнес-структур разанскага рэгіёна. Актывізаваць узаемадзеянне з беларускім легпрамам мае намер Група кампаній "Руская скура" - аб'яднанне сямі вытворчых прадпрыемстваў.

Група кампаній "Рудо" (вядучы ігрок на расійскім рынку слабаалкагольнай і безалкагольнай прадукцыі) пачала перагаворы аб арганізацыі вытворчасці сідраў на магутнасцях РУП "Талачынскі кансервавы завод".

Абмяркоўваліся таксама сумесныя праекты ў галіне адукацыі, аховы здароўя, турызму і культуры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі