20 чэрвеня, Мінск /Міхаіл Маціеўскі - БЕЛТА/. Беларусь і Расія створаць адзіную базу даных па перамяшчэнні сельгаспрадукцыі і яе якасці. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Што датычыцца пытанняў экспарту сельгаспрадукцыі з Рэспублікі Беларусь у Расійскую Федэрацыю, тут ёсць адна праблема - не выбудавана да канца дакладна вывераная, юрыдычная сістэма ўзаемаадносін па некаторых аспектах. Напрыклад (аб гэтым гаварылася на Савеце Міністраў і будзе замацавана ў рашэннях Вышэйшага дзяржсавета), неабходна стварыць адзіную інфармацыйную сістэму па перамяшчэнні тавараў і іх якасці", - сказаў Рыгор Рапота.
Дзяржсакратар не стаў удавацца ў дэталі праекта, паколькі, паводле яго слоў, гэта вельмі спецыфічная тэма. "Але аб тым, што трэба стварыць адзіную інфармацыйную сістэму, размовы ідуць даўно, а пакуль пытанне не вырашана. Гэта здыме многія супярэчнасці", - упэўнены ён.
Акрамя таго, Беларусь і Расія будуць удзяляць больш увагі барацьбе з кантрафактнай прадукцыяй, паколькі часта махляры выпускаюць нізкаякасны тавар пад брэндам прадпрыемства з незаплямленай рэпутацыяй. "Упершыню тэма кантрафакту так сур'ёзна ўзнята і пастаўлена ў рамках Саюзнай дзяржавы. Цяпер размова ідзе аб сельгаспрадукцыі. Упэўнены, што мы гэту тэму будзем і далей развіваць, распаўсюджваючы на іншыя віды тавараў", - адзначыў дзяржсакратар.
Рыгор Рапота звярнуў увагу, што ў любым арганізме, які развіваецца, асабліва ў міжнародным інтэграцыйным аб'яднанні, заўсёды пры вырашэнні адных задач з'яўляюцца іншыя. Безумоўна, іх неабходна вырашаць. "Мы заўсёды будзем знаходзіцца ў гэтым рэжыме пераадолення, і дзякуй богу. Калі мы будзем рухацца ў напрамку пераадолення, гэта забяспечыць нам дынаміку", - падкрэсліў дзяржсакратар.-0-