Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
29 снежня 2011, 08:33

Беларусь і Расія працуюць над узгадненнем тарыфаў на транзіт нафты ў 2012 годзе

29 снежня, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Беларускі і расійскі бакі вядуць перагаворы па пытанню ўзгаднення на 2012 год тарыфаў на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаправодах, размешчаных на тэрыторыі Беларусі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве эканомікі Беларусі.

"Перагаворы праходзяць у адпаведнасці з пагадненнем паміж урадамі Расіі і Беларусі аб асноўных прынцыпах і ўмовах узаемаадносін у галіне транспарціроўкі нафты ад 20 ліпеня 1992 года", - удакладнілі ў Мінэканомікі.

У перагаворах прымаюць удзел прадстаўнікі Федэральнай службы па тарыфах Расіі, Міністэрства эканомікі Беларусі, канцэрна "Белнафтахім", арганізацый трубаправоднага транспарту Беларусі і Расіі.

Тэрмін дзеяння пагадненняў з ААТ "АК "Транснафта", якія рэгулююць як пытанні транзіту, так і пастаўкі нафты трубаправодным транспартам на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, завяршаецца 1 лютага 2012 года. На бягучы момант паміж бакамі зацверджана і дзейнічае спецыяльная методыка разліку тарыфаў на транзіт нафты, згодна з якой любая змена тарыфа на транзіт расійскай нафты праз тэрыторыю Беларусі павінна быць эканамічна абгрунтавана.

У Беларусі дзейнічаюць два нафтатранспартныя прадпрыемствы: ААТ "Гомельтранснафта Дружба" і ААТ "Полацктранснафта Дружба". Першае з іх з'яўляецца аператарам паўднёвай веткі магістральнага нафтаправода "Дружба" і ажыццяўляе транзіт расійскай і казахстанскай нафты праз Беларусь у Польшчу, Германію, Украіну, Венгрыю, Славакію, Чэхію, а таксама пастаўляе расійскую і беларускую нафту на ААТ "Мазырскі НПЗ". "Полацктранснафта Дружба" - аператар паўночнай веткі магістральнага нафтаправода - транспартуе расійскую нафту з Заходне-Сібірскага рэгіёну, Татарстана і Паволжа ў Беларусь на ААТ "Нафтан". Акрамя таго, нафтаправоды, якія эксплуатуюцца арганізацыяй, даюць магчымасць ажыццяўляць транзітную транспарціроўку нафты ў краіны Балтыі.

У 2010-м ААТ "Гомельтранснафта Дружба" транспартавала 75,5 млн.т нафты, у планах на бягучы год - прапампаваць каля 72 млн.т вуглевадароднай сыравіны, у адпаведнасці з аб'ёмам, зарэзерваваным ААТ "АК "Транснафта".
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі