Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
06 чэрвеня 2018, 13:53

Беларусь і Расія могуць абмеркаваць пытанне прасочвальнасці сельгаспрадукцыі на саюзным Саўміне 13 чэрвеня

6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Расія могуць абмеркаваць механізм абмену электроннымі ветэрынарнымі сертыфікатамі на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы 13 чэрвеня. Аб гэтым паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сёння ў час наведвання міжнароднай спецыялізаванай выстаўкі "Белагра-2018", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўніку ўрада далажылі аб выніках тэсціравання механізма абмену электроннымі ветэрынарнымі сертыфікатамі з Расіяй. Першым яго пачалі выкарыстоўваць тры брэсцкія прадпрыемствы - "Савушкін прадукт", "Санта Брэмар" і Брэсцкі мясакамбінат, якія з пачатку праекта адправілі ў Расію ўжо больш за 70 сертыфікатаў. "Пасяджэнне саюзнага Саўміна пройдзе 13 чэрвеня, там трэба гэта пытанне яшчэ раз абмеркаваць. Павінна быць выбудавана дакладная сістэма, каб не перарываліся пастаўкі прадукцыі", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў. Ён даручыў дэталёва прапрацаваць механізм падключэння беларускіх прадпрыемстваў да гэтай сістэмы.

Як растлумачыў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы, Беларусь і Расія дамовіліся сінхранізаваць нацыянальную сістэму ідэнтыфікацыі і прасочвальнасці жывёл і прадукцыі жывёльнага паходжання Беларусі і расійскую сістэму "Меркурый". "У нас ужо адпрацаваны тры пілотныя прадпрыемствы, але ў цэлым каля 400 прадпрыемстваў будуць удзельнічаць у гэтай сістэме", - расказаў ён. Віцэ-прэм'ер удакладніў, што цяпер адпрацоўваецца дастаўка сертыфіката да канкрэтнага атрымальніка з выхадам на магазіны, каб на любым этапе можна было прасачыць рух тавару. Паўнацэнна пачаць працаваць гэта сістэма павінна з 1 ліпеня.

Намеснік прэм'ер-міністра адзначыў, што вельмі важна працаваць сумесна з расійскімі калегамі, каб своечасова карэкціраваць узаемадзеянне. "Калі трэба дапрацаваць сістэму, то неабходна рабіць гэта сінхронна, у адным напрамку. Але мяркуючы па першых выніках, усё атрымалася, як мы і дамаўляліся", - заявіў ён.

На пытанне, ці дапаможа ўкараненне механізма абмену электроннымі ветэрынарнымі сертыфікатамі пазбегнуць такіх сітуацый, як увядзенне часовых абмежаванняў на пастаўку некаторых відаў беларускай прадукцыі, Міхаіл Русы адказаў, што гэта адна з задач такой работы. "У тым ліку гэта дасць магчымасць пазбегнуць такіх праблем, як цяпер у нас па пастаўках малака на расійскі рынак. Не будзе лішніх крыватолкаў - адкуль прыйшла прадукцыя, чыя сыравіна. Усё адразу будзе відаць", - канстатаваў ён.

Прэм'ер-міністр у час наведвання "Белагра" азнаёміўся таксама з сельскагаспадарчай тэхнікай, якую вырабляюць беларускія прадпрыемствы, у прыватнасці, МТЗ, "Амкадор", "Бабруйскаграмаш". Прадэманстраваны і новыя сучасныя камбайны "Гомсельмаш". "Уражанні ад тэхнікі вельмі добрыя. Тыя параметры, якія выставіла Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, выкананы. Цяпер ёсць тры камбайны рознай мадыфікацыі, я прапанаваў накіраваць іх на вытворчыя выпрабаванні адразу ў гаспадаркі, каб самі аграрыі ацанілі тэхніку", - сказаў віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы.

Паводле яго слоў, выстаўка "Белагра" змяняецца з кожным годам. "Нам у гэтым годзе нават не хапіла плошчаў. Калі ў мінулым было 350 кампаній, то цяпер тут каля 540 прадпрыемстваў. Цікава і тое, што выстаўлена не толькі беларуская тэхніка, але і імпартная. Акрамя таго, маштабна прадстаўлена жывёлагадоўля", - звярнуў увагу намеснік прэм'ер-міністра.

Міжнародная спецыялізаваная выстаўка "Белагра-2018" адкрылася 5 чэрвеня ў гандлёва-лагістычным цэнтры "Глобус Парк" у аграгарадку Шчомысліца Мінскага раёна. Удзел у выстаўцы прымаюць 536 кампаній з 28 краін, сярод якіх Аўстрыя, Вялікабрытанія, Германія, Данія, Іспанія, Італія, Польшча, Расія, ЗША, Украіна, Фінляндыя. Калектыўныя экспазіцыі прэзентавалі Мінсельгасхарч, Міністэрства прамысловасці, НАН Беларусі, канцэрн "Белдзяржхарчпрам", Белкаапсаюз і іншыя міністэрствы і ведамствы. Асобнымі экспазіцыямі прадстаўлены прадпрыемствы Чэхіі, Індыі, Пакістана.

Акрамя "Белагра-2018" у час Беларускага аграпрамысловага тыдня з 5 па 10 чэрвеня ў Мінскім раёне праходзяць міжнародныя спецыялізаваныя выстаўкі "Белферма", "Белпрадукт", "Прадмаш. Холад. Упак".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі