Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 красавіка 2017, 14:05

Беларусь і Ніжагародская вобласць разлічваюць выйсці на тавараабарот $1 млрд

20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Ніжагародская вобласць разлічваюць выйсці на ўзровень тавараабароту $1 млрд. Такая задача была пастаўлена па выніках перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам Ніжагародскай вобласці Расіі Валерыем Шанцавым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Наша ўзаемадзеянне дае добрыя рэзультаты. Па выніках няпростага ў эканамічным плане 2016 года наш тавараабарот вырас на 7,3 працэнта і перасягнуў $0,5 млрд. Улічваючы існуючы ў бакоў патэнцыял, лічу, што ёсць усе перадумовы для нарошчвання аб'ёму ўзаемнага гандлю да ўзроўню 2012 года. У нас ужо тады было $800 млн", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

На сустрэчы адзначалася, што Беларусь і Ніжагародская вобласць стварылі салідную базу для вытворчай кааперацыі. Напрыклад, у расійскім рэгіёне наладжана зборка беларускіх ліфтаў, адкрыты гандлёвы дом "Белшыны", працуюць дылеры буйнейшых прадпрыемстваў машынабудавання: "Гомсельмаша", МТЗ, МАЗ і "Амкадора". У сваю чаргу беларускі бок актыўна запупляе металапрадукцыю, грузавыя аўтамабілі, тавары хімічнай прамысловасці.

З улікам маштабных планаў вобласці па ўзвядзенні жылля і транспартнай інфраструктуры ўзаемавыгадным бачыцца прыцягненне да іх рэалізацыі беларускіх спецыялістаў. Беларусь таксама можа забяспечыць аб'екты высакаякаснымі будаўнічымі матэрыяламі і тэхнікай.

"Мы падтрымліваем імкненне вашага рэгіёна нарошчваць магутнасці аграрнай галіны. Гатовы аказаць дапамогу, як і раней, у мадэрнізацыі жывёлагадоўчых комплексаў, пастаўках сельгасмашын і агрэгатаў. Гатовы выконваць работы пад ключ, калі ў гэтым будзе неабходнасць, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Ёсць добрыя перспектывы ў сферы транспарту. Беларускі бок можа падключыцца да абнаўлення вашага парку пасажырскай тэхнікі, прапанаваўшы сучасныя гарадскія аўтобусы і тралейбусы розных мадыфікацый".

Цесныя сувязі склаліся паміж бакамі і ў гуманітарнай сферы: адукацыі, навуцы, культуры, медыцыне, спорце і турызме.

"Спадзяюся, што з боку кіраўніцтва Ніжагародскай вобласці ўсім ініцыятывам будзе аказана адпаведная падтрымка, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Нашы адносіны - узор для іншых краёў і рэгіёнаў. Наколькі будуць трывалыя міжрэгіянальныя сувязі, настолькі будуць моцныя і беларуска-расійскія адносіны".

У сваю чаргу Валерый Шанцаў звярнуў увагу, што Беларусь з'яўляецца першым партнёрам у знешнеэканамічнай дзейнасці Ніжагародскай вобласці сярод 143 краін. "Ніхто больш не мае з намі такіх цесных гандлёвых, эканамічных сувязей", - падкрэсліў ён. Калі ўлічваць, што па некаторых напрамках супрацоўніцтва паміж рэспублікай і расійскім рэгіёнам ажыццяўляецца не без пасрэдніцтва, то двухбаковы тавараабарот перасягае $750 млн.

Бакі сышліся на думцы, што ўзровень узаемнага гандлю павінен дасягнуць $1 млрд. Гэта задача рэальная і выканальная.

Візіт у Беларусь дэлегацыі Ніжагародскай вобласці Расіі на чале з губернатарам праходзіць 19-21 красавіка. Плануецца, што сёння Валерый Шанцаў таксама сустрэнецца з прэм'ер-міністрам Андрэем Кабяковым, наведае прадпрыемства "Белкамунмаш" і прыме ўдзел у пасяджэнні Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Ніжагародскай вобласці.

На 21 красавіка ў яго запланавана наведванне прадпрыемства "Салеа", якое спецыялізуецца на выпуску кампанентаў для дарожна-будаўнічых, сельскагаспадарчых, лясных, камунальных, пад'ёмна-транспартных і іншых спецыяльных машын.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі