Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
28 чэрвеня 2016, 19:05

Беларусь гатова ствараць камфортныя ўмовы для прыходу нямецкіх інвестыцый - Мясніковіч

28 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь гатова ствараць камфортныя ўмовы для прыходу нямецкіх інвестыцый. Аб гэтым сёння заявіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч у час сустрэчы з дэлегацыяй ландтага федэральнай зямлі Саксонія, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Калі гаварыць аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, то ў выніку розных абставін, у першую чаргу глабальных працэсаў, крыху запаволілася дынаміка развіцця нашага двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы гандлю і інвестыцый. Я думаю, што трэба аднаўляць гандлёвыя і інвестыцыйныя адносіны, якія былі яшчэ некалькі гадоў таму. Заходнія кампаніі, у тым ліку нямецкія, выводзяць свае актывы з краін Паўднёва-Усходняй Азіі ў старую эканоміку (еўрапейскую. - Заўвага БЕЛТА), эканоміку сваёй дзяржавы або іншых заходніх дзяржаў. Калі вам цеснавата на гэтай тэрыторыі, то можна працаваць і з беларускімі актывамі. Мы будзем ствараць усе неабходныя ўмовы для таго, каб нямецкаму бізнесу было камфортна", - сказаў Міхаіл Мясніковіч.

З'яўляючыся членам Еўразійскага эканамічнага саюза, Беларусь можа эфектыўна садзейнічаць наладжванню гандлёвых і інвестыцыйных сувязей Германіі з вялікай еўразійскай эканамічнай бізнес-прасторай.

"Для Беларусі Германія - у ліку прыярытэтных замежных партнёраў. Я лічу, у нас выбудаваны ўзаемапаважлівыя, добрыя адносіны. Думаю, што нашы кантакты з федэральнымі землямі і непасрэдна федэральным урадам будуць пашырацца. Прынамсі, мы на гэта настроены", - дадаў старшыня Савета Рэспублікі.

Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што Беларусь удзячна нямецкаму боку за падтрымку рашэння Савета Еўрапейскага саюза аб адмене санкцый адносна рэспублікі.

Старшыня Савета Рэспублікі звярнуў увагу, што візіт дэлегацыі ландтага федэральнай зямлі Саксонія з'яўляецца значным не толькі для наладжвання міжпарламенцкіх кантактаў дзяржаў, але і беларуска-нямецкіх адносін у цэлым. "Мне вельмі прыемна сустрэцца з калегамі і абмеркаваць пытанні міжпарламенцкіх кантактаў. Беларусь рыхтуецца да парламенцкіх выбараў. Упэўнены, што ўсе неабходныя працэдуры будуць выкананы, і выбары пройдуць спакойна і дэмакратычна ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам. Вам як палітыкам, напэўна, будзе цікава ў дні знаходжання ў Беларусі ўбачыць і ацаніць сітуацыю ў сувязі з гэтым", - сказаў на заканчэнне Міхаіл Мясніковіч.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі