Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

Беларусь актыўна працуе над павышэннем сваёй транзітнай прывабнасці - Сівак

Эканоміка 20.04.2017 | 16:18
Анатоль Сівак
Анатоль Сівак

20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь актыўна працуе над удасканаленнем транспартнай інфраструктуры і павышэннем сваёй транзітнай прывабнасці, заявіў сёння журналістам міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак на палях XXXII пасяджэння Канферэнцыі генеральных дырэктараў чыгунак Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак (АСЧ), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Для транспартнікаў Беларусі з улікам невялікай прасторы (у папярочніку 650 км) галоўным з'яўляецца пытанне транзіту. А транзіт - гэта ў першую чаргу інфраструктура. І тая палітыка па развіцці транспартнай інфраструктуры, якую цяпер актыўна праводзіць дзяржава, накіравана менавіта на павышэнне транзітнай прывабнасці", - падкрэсліў міністр і растлумачыў, што гэта датычыцца ўсіх відаў транспарту: аўтадарог, чыгуначных зносін, авіяцыі.

Анатоль Сівак адзначыў, што і ў час пасяджэнняў канферэнцыі, і ў яе кулуарах вельмі шмат увагі ўдзяляецца ініцыятыве Кітая "Адзін пояс - адзін шлях". "І тут важна разумець, што тыя інвестыцыйныя праекты, якія ўжо рэалізаваны ў Беларусі або рэалізуюцца цяпер у сферы транспарту, накіраваны таксама на паляпшэнне транзіту для перамяшчэння грузаў з Кітая ў Еўропу і назад", - заявіў ён.

У Беларусі цяпер паспяхова развіваюцца кантэйнерныя перавозкі, дэманструючы дадатную дынаміку - у 2016 годзе ў гэтым сегменце зафіксаваны рост у 2,6 раза, звярнуў увагу міністр. "У бягучым годзе мы таксама бачым пэўны рост", - расказаў ён. Удасканальваецца тэхналогія работы станцый Брэсцкага чыгуначнага вузла з кантэйнернымі паяздамі, якія курсіруюць у напрамку Захад - Усход - Захад. Час апрацоўкі арганізаваных паяздоў там цяпер складае 9 гадзін пры перагрузе і 6 гадзін без перагрузу.

Паводле слоў Анатоля Сівака, немалаважнымі фактарамі для прыцягнення транзітных грузаў з'яўляюцца бяспека транспарту, забеспячэнне захаванасці грузаў, правільная тарыфная палітыка, кваліфікаваны персанал. "Гэтыя моманты цэняць усе грузаўладальнікі, а наша чыгунка заўсёды вызначалася дакладным выкананнем сваіх абавязацельстваў і адказным персаналам", - канстатаваў ён.

Міністр таксама сказаў, што адна з задач АСЧ - павысіць узровень узаемадзеяння дзяржаў, якія ўваходзяць у яе склад, а таксама арганізаваць бесперашкодны пропуск грузаў і стварыць спрыяльныя ўмовы для развіцця пасажырскіх перавозак у міжнародных зносінах на ўсім кантыненце. "Акрамя таго, важнейшы напрамак работы арганізацыі - павышэнне яе статусу і пераўтварэнне ў міжнародную міжурадавую арганізацыю шляхам прыняцця Канвенцыі аб прамых чыгуначных зносінах", - рэзюмаваў ён.

XXXII пасяджэнне Канферэнцыі генеральных дырэктараў чыгунак Арганізацыі супрацоўніцтва чыгунак праходзіць у Мінску 17-21 красавіка. Сярод удзельнікаў форуму кіраўніцтва чыгуначных кампаній з Азербайджана, Афганістана, Беларусі, Венгрыі, В'етнама, Грузіі, Ірана, Казахстана, Кітая, Латвіі, Літвы, Малдовы, Манголіі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, Украіны, Чэхіі, Эстоніі. Таксама сярод запрошаных - прадстаўнікі Міжнароднага саюза чыгунак, Каардынацыйнага савета па транссібірскіх перавозках. Мерапрыемства такога ўзроўню праводзіцца ў Беларусі другі раз. Парадак дня канферэнцыі ўключае 14 пытанняў, сярод якіх абмеркаванне перспектыў міжнародных чыгуначных грузавых перавозак, павышэнне якасці абслугоўвання кліентаў, наладжванне больш цеснага ўзаемадзеяння паміж усімі ўдзельнікамі перавозачнага працэсу і павышэнне канкурэнтаздольнасці чыгунак. Па выніках пасяджэння будзе падпісаны пратакол.

АСЧ была створана ў 1956 годзе. Беларусь з'яўляецца членам арганізацыі з 1992 года.-0-

Версія для друку
Навіны рубрыкі Эканоміка
Топ-навіны
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Збіраем дзіця ў лагер Больш за 350 тыс. дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў адпачнуць гэтым летам у аздараўленчых лагерах Беларусі.