20 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь абмяжоўвае ўвоз свініны з правінцыі Хэнань (КНР) з-за афрыканскай чумы свіней (АЧС). Такая інфармацыя размешчана на сайце Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча Беларусі, паведамляе БЕЛТА.
Паводле інфармацыі Міжнароднага эпізаатычнага бюро, на тэрыторыі правінцыі Хэнань зарэгістраваны выпадак захворвання свіней на АЧС. У сувязі з гэтым прымаюцца дадатковыя меры па недапушчэнні ўвозу на тэрыторыю Беларусі з названых рэгіёнаў жывых свіней, свініны і прадуктаў яе перапрацоўкі, скураной, рогакапытнай і кішачнай сыравіны, шчаціння, паляўнічых трафеяў, атрыманых ад успрымальных відаў жывёл, кармоў і кармавых дабавак расліннага і жывёльнага паходжання і іншай прадукцыі.
Адмяняюцца ўсе раней выдадзеныя дазволы на ўвоз названых тавараў з правінцыі Хэнань у Беларусь.
У дэпартаменце інфармуюць аб неабходнасці прыняць дадатковыя меры кантролю па забеспячэнні біялагічнай аховы буйных свінагадоўчых комплексаў, свінагадоўчых ферм і гаспадарак усіх форм уласнасці.-0-