Сцяг Аўторак, 16 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 кастрычніка 2021, 13:52

Барысевіч: адносіны Беларусі і Пакістана набываюць стратэгічны характар

5 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адносіны паміж Беларуссю і Пакістанам набываюць стратэгічны характар. Такое меркаванне выказаў сёння намеснік міністра замежных спраў Беларусі Мікалай Барысевіч на адкрыцці пятага пасяджэння беларуска-пакістанскага дзелавога савета, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Крыху больш за два тыдні таму ў Душанбэ на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Пакістана Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што мы вельмі зацікаўлены ў супрацоўніцтве з вялікай краінай, якой з'яўляецца Пакістан. Я ўпэўнены, што вашы спецыялісты і члены ўрада знойдуць у Беларусі шмат цікавага для Пакістана. Да канца бягучага года міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей наведае Ісламабад, чакаем у Мінску з афіцыйным візітам прэм'ер-міністра Пакістана. Актыўна ідзе падрыхтоўка да правядзення шостага пасяджэння сумеснай беларуска-пакістанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Такім чынам, адносіны паміж нашымі краінамі сапраўды набываюць стратэгічны характар і стратэгічны змест", - адзначыў намеснік міністра.

Мікалай Барысевіч падкрэсліў, што сёння Мінск прымае вялікую дэлегацыю бізнесменаў з Пакістана, місія якой - умацаваць эканамічны патэнцыял двухбаковых адносін. "МЗС Беларусі - гэта высокаарганізаваная каманда прафесіяналаў, у задачы якой непасрэдна ўваходзіць развіццё гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з нашымі замежнымі партнёрамі. Як і БелГПП, мы адкрыты да ўзаемадзення па самым шырокім спектры пытанняў без якіх-небудзь выключэнняў і абмежаванняў", - сказаў намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства.

Таксама ён адзначыў, што "сёння ўзаемадзеянне паміж краінамі не пачынаецца з чыстага ліста". "У нас створаны паўнацэнныя базавыя ўмовы для развіцця двухбаковых адносін па ўсім спектры супрацоўніцтва, што ўяўляе ўзаемны інтарэс. Створана дагаворна-прававая база, якая ўключае больш за 80 пагадненняў, сфарміраваны механізмы ўзаемадзеяння ў выглядзе камісій і рабочых груп, сістэма міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, закладзены асновы міжпарламенцкай дыпламатыі і шмат іншага", - растлумачыў Мікалай Барысевіч.

На думку намесніка міністра, на далейшым этапе важна, каб бакі забяспечвалі паступальнае развіццё перспектыўных кропак росту. "На наш погляд, з улікам структуры эканомік Беларусі і Пакістана, можна выдзеліць некалькі ключавых напрамкаў работы. Сярод іх нарошчванне аб'ёмаў узаемных продажаў традыцыйнай прадукцыі, стварэнне сумесных вытворчасцей беларускай тэхнікі ў Пакістане, а таксама сумесных вытворчасцей па выпуску хірургічных інструментаў, скураных вырабаў у Беларусі. Перспектыўным з'яўляецца стварэнне сумесных кластараў па выпуску запатрабаваных лекавых сродкаў, гэта можа адбывацца як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі Пакістана. Трэба прыцягваць пакістанскі капітал для рэалізацыі праектаў па мадэрнізацыі беларускіх прадпрыемстваў тэкстыльнай галіны, развіваць сумесную вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі, рэалізоўваць сумесныя праекты ў навукова-тэхнічнай сферы з прамым выхадам на вытворчы цыкл, а таксама праекты па стварэнні ў Пакістане ўніверсітэта прыкладных тэхналогій з выхадам на якасна новы ўзровень сумеснай прафесійнай і тэхнічнай падрыхтоўкі пакістанскіх спецыялістаў з выкарыстаннем беларускіх адукацыйных тэхналогій", - адзначыў Мікалай Барысевіч.

Гаворачы аб перспектыўных напрамках супрацоўніцтва, намеснік міністра падкрэсліў, што яны ў поўнай меры ўлічваюць эканамічныя інтарэсы як беларускага, так і пакістанскага боку. "Давайце выкарыстоўваць сённяшнюю пляцоўку для таго, каб вызначыць, якія патрабуюцца агульныя захады для нарошчвання кааперацыі, якія праекты мы можам разам рэалізаваць. Мы гатовы выслухаць ваша меркаванне і абмеркаваць шляхі развіцця супрацоўніцтва. Трэба сумесна выпрацаваць прымальныя падыходы да больш актыўнага і прадметнага развіцця гандлёва-эканамічных адносін", - падкрэсліў намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства, звяртаючыся да ўдзельнікаў пасяджэння.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі