Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 ліпеня 2017, 19:07

Банк развіцця за I паўгоддзе атрымаў 70 працэнтаў гадавога плана прыбытку

21 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Па выніках работы за I паўгоддзе Банкам развіцця атрыманы прыбытак у памеры Br109 млн, што складае больш за 70 працэнтаў гадавога плана. Такая інфармацыя размешчана на сайце Банка развіцця па выніках пасяджэння праўлення банка ў пашыраным складзе, паведамляе БЕЛТА.

За студзень-чэрвень c дапамогай розных інструментаў банк прыцягнуў 204 млн еўра знешніх рэсурсаў. Банк развіцця ў першым паўгоддзі таксама выступіў у якасці суарганізатара праекта па размяшчэнні суверэннага выпуску еўрааблігацый, які быў паспяхова завершаны ў канцы чэрвеня прыцягненнем $1,4 млрд.

У студзені-чэрвені банк прадаставіў на валавой аснове на рэалізацыю інвестыцыйных і іншых праектаў Br457,5 млн, што складае 65,4 працэнта ад гадавога планавага параметра. Больш як палавіна ад гэтай сумы прыпадае на інвестыцыйныя крэдыты кліентам (Br248 млн) і ўключае выдачы ў рамках лімітаў дырэктыўнага крэдытавання, крэдыты на рэалізацыю інфраструктурных праектаў, крэдытаванне па-за рамкамі дзяржпраграм за кошт сямейнага капіталу і кітайскай крэдытнай лініі. Найбольшыя аб'ёмы крэдытных сродкаў выдзелены на крэдытаванне "Прамагралізінг" для закупкі тэхнікі і яе перадачы ў лізінг, фінансаванне мерапрыемстваў дзяржпраграмы развіцця аграрнага бізнесу, а таксама на будаўніцтва новых інфраструктурных праектаў.

На фоне актыўнага росту аб'ёмаў крэдытавання доля праблемных актываў у актывах, што падпадаюць пад крэдытную рызыку, з пачатку года знізілася практычна ў 2 разы да 8,5 працэнта.

У 2017 годзе Банк пачаў сістэмнае выкананне патрабаванняў указа кіраўніка дзяржавы па адборы на конкурснай аснове праектаў, якія прэтэндуюць на льготныя рэсурсы Банка развіцця. У цэлым у 2017 годзе запланавана правядзенне 9 конкурсаў: 4 конкурсы ў рамках дзяржпраграмы развіцця аграрнага бізнесу і 5 конкурсаў у рамках праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця паўднёва-ўсходняга рэгіёна Магілёўскай вобласці. У першым паўгоддзі ў Банку распрацавана і зацверджана конкурсная дакументацыя і пачаты прыём конкурсных заявак практычна па ўсіх конкурсах. Да гэтага часу завершана падача заявак па 4 конкурсах.

Істотны рост паказчыкаў дзейнасці адзначаны ў напрамку падтрымкі айчыннага экспарту. Аб'ём выдачы экспартных крэдытаў на валавой аснове за I паўгоддзе перасягнуў Br150 млн, што нязначна ніжэй за паказчык, дасягнуты па выніках усяго 2016 года. У справаздачным перыядзе банк заключыў 11 новых экспартных крэдытных дагавораў на агульную суму $51 млн у эквіваленце з замежнымі пакупнікамі шыннай прадукцыі вытворчасці "Белшына", металапракату вытворчасці "БМЗ", будаўнічай тэхнікі вытворчасці "Амкадор", аўтамабільнай тэхнікі вытворчасці МАЗ, а таксама малочнай прадукцыі "Глыбоцкага МКК". Прадаўжаецца фінансаванне экспартных паставак тэхнікі МТЗ, МАЗ, прадукцыі "Белаграмаш" і Мінскага маторнага завода на Кубу.

З пачатку года партфель экспартных крэдытаў Банка развіцця вырас у 1,6 раза. У якасці перспектыўных напрамкаў геаграфіі экспартнага крэдытавання банк разглядае Манголію, Сербію і Украіну. Таксама наладжаны каналы для павелічэння аб'ёмаў экспарту ў краіны далёкай дугі - на афрыканскі рынак.

Банк прадоўжыў рэалізацыю функцыі па кіраванні сродкамі сямейнага капіталу. За I паўгоддзе аб'ём размешчаных у банку сродкаў сямейнага капіталу павялічыўся на $87,6 млн і іх сукупны аб'ём дасягнуў $378,3 млн. Асноўнымі інструментамі ўкладанняў сродкаў сямейнага капіталу выступаюць крэдыты і карпаратыўныя аблігацыі, доля якіх у агульным партфелі сфарміраваных за кошт гэтай крыніцы актываў склала на 1 ліпеня 67 працэнтаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі