Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 ліпеня 2017, 11:54

АРІП стане часткай інфасеткі Беларусі па тэхналогіі блокчэйн

19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адзіная разліковая і інфармацыйная прастора (АРІП) у ліку першых стане часткай інфасеткі Беларусі па тэхналогіі блокчэйн, паведамілі БЕЛТА ў арганізацыі.

Першае пасяджэнне Савета нодаў (уладальнікаў засведчвальных вузлоў) інфармацыйнай сеткі банкаўскай сістэмы Беларусі адбылося 18 ліпеня. Па яго выніках прынята палажэнне аб савеце ўладальнікаў засведчвальных вузлоў інфармацыйнай сеткі, пабудаванай з выкарыстаннем тэхналогіі блокчэйн.

Паводле слоў намесніка старшыні праўлення ААТ "Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя "Адзіная разліковая і інфармацыйная прастора" Наталлі Штэўнінай, АРІП стане адным з першых нодаў ствараемай па тэхналогіі блокчэйн інфармацыйнай сеткі банкаўскай сістэмы Беларусі. "Мы ўжо закончылі ўсе тэхнічныя работы, неабходныя для атрымання гэтага статусу. Для карыстальнікаў і ўдзельнікаў сістэмы гэта азначае поўную бяспеку ў абмене інфармацыяй, паколькі блокчэйн выключае аднабаковае змяненне любых даных унутры інфармацыйнай сеткі", - адзначыла яна.

АРІП з'яўляецца часткай не толькі фінансавага сектара, але і ўсёй інфармацыйна-плацежнай інфраструктуры Беларусі, прадастаўляючы магчымасць для плацельшчыкаў рабіць плацяжы праз мабільныя і інтэрнэт-банкінгі, а таксама ў касах 23 банкаў, "Белпошты", праз плацежныя тэрміналы і інфакіёскі.

"Выкарыстанне новых тэхналогій, а таксама стварэнне на базе АРІП высокатэхналагічнай платформы ў банкаўскай і фінансавай сферы абазначана ў Стратэгіі развіцця АРІП на 2017-2019 гады, таму лагічна, што АРІП з'яўляецца нодам у інфармацыйнай сетцы блокчэйн, - растлумачыла Наталля Штэўніна. - У далейшым тэхналогію блокчэйн мы плануем выкарыстоўваць у рабоце міжбанкаўскай сістэмы ідэнтыфікацыі (МСІ)".

Інфармацыйная тэхналогія блокчэйн атрымала шырокае распаўсюджванне з 2008 года. Яе характэрнай асаблівасцю з'яўляецца дэцэнтралізаваная структура захавання ідэнтычных ва ўсёй сетцы блокаў інфармацыі, што забяспечвае ўбудаваную ўстойлівасць да памылак, адсутнасць цэнтралізаванага кантролю і кропак адмовы. Інфармацыя, якая захоўваецца ў сетцы блокчэйн, празрыстая, паколькі агульная база даных адначасова існуе на ўсіх камп'ютарах, якія ўваходзяць у сетку. Запісы, што захоўваюцца ў ёй, публічныя і лёгка правяраюцца. Сетка блокчэйн не можа быць разбурана, паколькі змяненне нават адзінкі інфармацыі патрабуе неабходнасці падмены інфармацыі ва ўсёй сетцы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі