Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 красавіка 2018, 19:09

Арганізацыі маюць права самастойна выбіраць крыніцы інфармацыі для вызначэння рыначнага кошту токенаў - Мінфін

19 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі арганізацыі, якія ажыццяўляюць гаспадарчыя аперацыі з токенамі, маюць права самастойна выбіраць крыніцы інфармацыі для вызначэння іх рыначнага кошту. Аб гэтым паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання бухгалтарскага ўліку, справаздачнасці і аўдыту Міністэрства фінансаў Беларусі Таццяна Рыбак у час анлайн-канферэнцыі на сайце БЕЛТА.

Згодна з нацыянальным стандартам бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці "Лічбавыя знакі (токены)", што ўступіў у сілу 28 сакавіка 2018 года, парадак вызначэння чыстага кошту рэалізацыі токенаў устанаўліваецца ў палажэнні аб уліковай палітыцы арганізацыі. "У сувязі з гэтым арганізацыя самастойна вырашае, якія крыніцы інфармацыі выкарыстоўваць для вызначэння такога кошту. На наш погляд, такі падыход апраўданы, паколькі на крыптабіржах каціроўкі будуць розныя, і ў арганізацый непазбежна будзе ўзнікаць пытанне, якія менавіта каціроўкі выкарыстоўваць для вызначэння чыстага кошту рэалізацыі токенаў", - растлумачыла Таццяна Рыбак.

Яна таксама звярнула ўвагу, што нацыянальным стандартам прадугледжана стварэнне рэзерву пад зніжэнне кошту токенаў. "Калі першапачатковы кошт токенаў перасягае чысты кошт іх рэалізацыі на справаздачную дату, ствараецца рэзерв на суму гэтага перавышэння. У наступных справаздачных перыядах, калі сума перавышэння змяншаецца, рэзерв старніруецца на суму змяншэння. Пры спыненні прызнання токенаў сумы рэзерваў, якія лічацца па іх, аднаўляюцца", - расказала спецыяліст.

Нацыянальны стандарт бухгалтарскага ўліку і справаздачнасці "Лічбавыя знакі (токены)" прыняты ў развіццё дэкрэта нумар 8 "Аб развіцці лічбавай эканомікі". Стандарт вызначае парадак фарміравання ў бухгалтарскім уліку інфармацыі аб лічбавых знаках (токенах) і абавязацельствах, што ўзнікаюць пры размяшчэнні ўласных токенаў перад уладальнікамі гэтых токенаў, у арганізацыях (за выключэннем Нацыянальнага банка, банкаў, Банка развіцця, НКФА, банкаўскіх груп, банкаўскіх холдынгаў, бюджэтных арганізацый).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі